Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/16/981498_981499/
Дата раздрукоўкі: 05.06.2020 00:01
16.11.2018 22:14 Эканоміка, Грамадства

Саўмін адкарэктаваў правілы продажу асобных відаў тавараў і ажыццяўлення грамадскага харчавання

Мінск, 16 лістапада. Савет міністраў скарэктаваў правілы продажу асобных відаў тавараў і ажыццяўлення грамадскага харчавання, а таксама палажэнне аб парадку распрацоўкі і зацвярджэння асартыментнага пераліку тавараў, асартыментнага пераліку прадукцыі грамадскага харчавання, зацверджаныя пастановай урада ад 22 лiпеня 2014 года № 703.

У прыватнасці, як паведамляе прэс-служба ўрада, новымі правіламі продажу асобных відаў тавараў і ажыццяўлення грамадскага харчавання ўстанаўліваецца забарона на продаж непаўналетнім ва ўзросце да 18 гадоў пнеўматычных пісталетаў, рэвальвераў і вінтовак, лукаў і арбалетаў, якія з'яўляюцца канструктыўна падобнымі да зброі вырабамі. Урэгуляваны асаблівасці продажу тытунёвых і піратэхнічных вырабаў бытавога прызначэння.

Таксама прадугледжаны правілы давядзення да ведама пакупнікоў інфармацыі аб часовым прыпыненні працы гандлёвага аб'екта, аб'екта грамадскага харчавання, удакладнены спосабы прадстаўлення інфармацыі аб таварах і цэнах на іх у залежнасці ад метадаў продажу тавараў, віду гандлёвага аб'екта і абсталявання.

Прадугледжаны шэраг абавязкаў прадаўца: указваць на цэнніках на харчовыя прадукты, маса або мера якіх складае менш (больш) чым 1 кілаграм або 1 літр, інфармацыю пра кошт за 1 кілаграм або 1 літр; прадаваць пакупніку тавары па цане, указанай на цэнніку; перадаваць пакупніку тавары, не ўпакаваныя ў спажывецкую ўпакоўку, якія па сваім характары патрабуюць ўпакоўкі, ва ўпакаваным выглядзе без збірання платы за спажывецкую ўпакоўку; выдаваць часовыя нумарныя знакі на набытыя транспартныя сродкі; забяспечваць бясплатную пагрузку набытых буйнагабарытных нехарчовых тавараў або тавараў звыш 25 кілаграмаў на транспартны сродак пакупніка, які знаходзіцца каля гандлёвага аб'екта або на паркоўцы прадаўца, і іншыя.

У новай рэдакцыі правіл выключаны нормы, якія рэгламентуюць продаж мэблі, дэкаратыўных раслін і прадукцыі кветкаводства і дублююць нормы, прадугледжаныя ў іншых актах заканадаўства, а таксама патрабаванні, якія адносяцца да гандлёва-тэхналагічнага працэсу і не рэгулююць адносіны паміж прадаўцамі і пакупнікамі.

У палажэнні аб парадку распрацоўкі і зацвярджэння асартыментнага пераліку тавараў, асартыментнага пераліку прадукцыі грамадскага харчавання ўдакладнены парадак распрацоўкі асартыментнага пераліку тавараў для крамаў з універсальным і змяшаным асартыментам тавараў з улікам гандлёвай плошчы, адведзенай адпаведна пад харчовыя або нехарчовыя тавары.

Таксама прадугледжана права суб'екта не ўключаць у асартыментны пералік тавараў новыя тавары на перыяд вывучэння попыту на іх, які не можа перавышаць больш за пяць месяцаў; тавары, продаж якіх у гандлёвым аб'екце ажыццяўляецца выключна паводле папярэдніх заказаў; нехарчовыя тавары, якія былі ва ўжытку.

Акрамя таго, пашыраны пералік выпадкаў, калі асартыментны пералік тавараў не патрабуецца. У прыватнасці, у пералік уключаны гандлёвыя аб'екты, якія належаць аператарам паштовай сувязі, аптэкі, ветэрынарныя аптэкі, спецыялізаваныя крамы і павільёны па продажы медыцынскіх, артапедычных і аптычных вырабаў, крамы па продажы маёмасці, канфіскаванай, арыштаванай або накiраванай у даход дзяржавы iншым спосабам, і іншыя.

Правілы і палажэнне ў новай рэдакцыі зацверджаны пастановай Саўміна ад 14 лiстапада 2018 года № 824, якая набудзе моц праз тры месяцы пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239