Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/17/981503_12345/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 15:45
17.11.2018 11:33 Палітыка

Пашынян запатрабуе тлумачэнняў ад Лукашэнкі з-за абмеркавання сітуацыі ў АДКБ з Азербайджанам

Мінск, 17 лістапада. Выканаўца абавязкаў прэм`ер-міністра Арменіі Нікол Пашынян запатрабуе тлумачэнняў ад Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з абмеркаваннем сітуацыі, якая склалася ў АДКБ, з краінай, што не з`яўляецца членам гэтай арганізацыі, — Азербайджанам.
Як паведамляе News.am, 16 лістапада ў гутарцы з журналістамі Нікол Пашынян заявіў: "Гэта прыкладна тое ж самае, як калі б, напрыклад, я запрасіў якога-небудзь замежнага пасла краіны, якая не з`яўляецца членам АДКБ, і распавёў яму пра пасяджэнне, якое прайшло ў фармаце зачыненых дзвярэй. Я здзіўлены тым, што чалавек, які займае статус кіраўніка дзяржавы на працягу 30 гадоў, мог дазволіць сабе падобны крок. І я, вядома, павінен запатрабаваць тлумачэнняў ад прэзідэнта Беларусі і не толькі ад прэзідэнта Беларусі".

Пашынян таксама мае намер патрабаваць тлумачэнняў ад прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева, які пасля пасяджэння саміту АДКБ заявіў аб тым, што на пасаду генеральнага сакратара арганізацыі будзе прызначаны прадстаўнік Беларусі.

"Ніхто не меў права выступаць з падобнай заявай, таму што рашэнні ў АДКБ прымаюцца пры кансэнсусе, а мы дакладна выказалі нашу пазіцыю. Думаю, вельмі важна, каб у рамках АДКБ мы мелі вельмі выразную размову з партнёрамі, каб для кожнага было ясна, якія яго абавязацельствы ў адносінах да астатніх і наогул якія абавязацельствы краін-удзельніц у адносінах да арганізацыі і іншых краін-удзельніц", — адзначыў в.а. прэм`ер-міністра Арменіі.

Пашынян распавёў, што ў тэлефоннай размове 16 лістапада з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным яны таксама абмеркавалі гэтае пытанне.

Як паведамляў БелаПАН, вынікі саміту АДКБ, які прайшоў 8 лістапада ў Астане, абмяркоўваліся 12 лістапада на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з паслом Азербайджана Латыфам Гандзілавым. Што тычыцца прызначэння новага кіраўніка апарата АДКБ, то, паводле слоў Лукашэнкі, "варыянтаў было шмат". "І гэта не значыць, што мы ўшчамілі Арменію, што нехта перамог, хтосьці прайграў. Пытанне ў тым, што Нікол Пашынян павінен проста ва ўрадзе разабрацца з сітуацыяй, таму што гэтая краіна сёння ўзначальвае ЕАЭС, наш эканамічны саюз, і АДКБ — вельмі вялікая нагрузка на краіну, якая знаходзіцца ў такім пераходным перыядзе. І ці справіцца Арменія? Калі Нікол Пашынян разбярэцца і дасць нам адказ, гэта будзе ў Санкт-Пецярбургу", — сказаў Лукашэнка.

Гаворачы аб ратацыі кіраўніка АДКБ, Лукашэнка адзначыў, што наступная краіна па алфавіце — Беларусь. "У мяне на сёння тры кандыдатуры, якія я магу прапанаваць на пасаду генеральнага сакратара АДКБ", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Новы генеральны сакратар АДКБ будзе вызначаны на наступным саміце арганізацыі 6 снежня ў Санкт-Пецярбургу. Ранейшы генеральны сакратар Юрый Хачатураў адкліканы Арменіяй з пасады 2 лістапада. 26 ліпеня Хачатураву было прад`яўленае абвінавачванне ў звяржэнні канстытуцыйнага ладу па факце яго дзеянняў на пасадзе камандуючага часткамі Ерэванскага гарнізона ў сакавіку 2008 года, калі былі задушаныя выступы апазіцыі, якая абвінаваціла ўлады ў падтасоўцы вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

У Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239