Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/17/981512_12345/
Дата раздрукоўкі: 04.06.2020 22:55
17.11.2018 13:29 Эканоміка, Грамадства

Сёння ў ЕАЭС набываюць моц адзіныя патрабаванні бяспекі абсталявання для дзіцячых гульнёвых пляцовак

Мінск, 17 лістапада. 17 лістапада набывае моц тэхнічны рэгламент ЕАЭС "Пра бяспеку абсталявання для дзіцячых гульнёвых пляцовак".

Як паведаміла БелаПАН прэс-служба ЕЭК, дакумент распаўсюджваецца на абсталяванне і пакрыццё для дзіцячых гульнёвых пляцовак, якія ўпершыню выпускаюцца ў абарачэнне ў Саюзе і размяшчаюцца на адкрытых тэрыторыях або ў закрытых памяшканнях. З яго ўваходжаннем у сілу патрабаванні бяспекі да абсталявання для дзіцячых гульнёвых пляцовак становяцца абавязковымі, прычым адзінымі для ўсіх пяці дзяржаў Саюза.

Згодна з рэгламентам, канструкцыя абсталявання павінна забяспечваць яго трываласць і ўстойлівасць, быць абароненай ад карозіі і старэння з улікам агрэсіўнасці асяроддзя. Абсталяванне варта вырабляць так, каб яно не мела элементаў з вострымі канцамі або беражкамі, якія выдаюцца, і каб у ім не захрасалі часткі цела або адзенне дзіцяці.

"Па сутнасці, гэта дакумент, палажэнні якога загадваюць, што і як трэба рабіць пры вырабе і ўтрыманні абсталявання дзіцячых гульнёвых пляцовак, каб пазбегнуць пашкоджанняў і траўмаў пры карыстанні ім дзецьмі і асобамі, якія іх суправаджаюць, — адзначыў міністр па тэхнічным рэгуляванні Еўразійскай эканамічнай камісіі Віктар Назаранка. — Усе ўдзельнікі працэсу — ад праекціроўшчыкаў і вытворцаў да арганізацый, якія займаюцца эксплуатацыяй дзіцячых гульнёвых пляцовак, — атрымалі дакладныя адзіныя патрабаванні, якія яны абавязаныя выконваць для захавання жыцця і здароўя людзей".

У тэхнічным рэгламенце патрабаванні бяспекі ўстаноўленыя зыходзячы з выяўленых рызык нанясення шкоды здароўю дзецям і асобам, якія ажыццяўляюць нагляд за імі.

Прыняты тэхрэгламент устанаўлівае патрабаванні да бяспекі абсталявання і пакрыццяў для дзіцячых гульнёвых пляцовак і звязаным з імі працэсам праектавання, вытворчасці, мантажу, эксплуатацыі, захоўвання, перавозкі і ўтылізацыі. Асобна вызначана, што канструкцыя абсталявання можа прадугледжваць бесперашкодны доступ на гульнёвую пляцоўку дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі і забяспечваць бяспеку іх знаходжання на ёй.

"Адна з добрых якасцяў тэхнічнага рэгламенту, — растлумачыў намеснік дырэктара дэпартамента тэхнічнага рэгулявання і акрэдытацыі ЕЭК Вячаслаў Бурмістраў, — у тым, што гэта комплексны дакумент, якога раней не было ні ў адной краіне Саюза. Да гэтага ўсюды былі розныя патрабаванні, якія ўтрымліваліся ў розных актах: у кагосьці гэта былі ведамасныя правілы, у кагосьці — стандарты. А мы сумесна з нашымі калегамі з дзяржаў-членаў прывялі практычна да аднаго назоўніка рэгуляторную практыку пяці нашых краін. У адным дакуменце аб'ядналі і канструкцыйныя, і эксплуатацыйныя, і іншыя патрабаванні бяспекі, усталяваўшы іх для ўсіх этапаў жыццёвага цыклу абсталявання для дзіцячых гульнёвых пляцовак".
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239