Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/20/981708_12345/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2018 05:03
20.11.2018 08:51 Палітыка

Украіна пакуль не бачыць магчымасці ўдзелу Беларусі ў міратворчай місіі на Данбасе

Кіеў, 20 лістапада. Украінскі бок пакуль не бачыць магчымасці ўдзелу Беларусі ў міратворчай місіі, заявіў намеснік міністра замежных спраў краіны Васіль Боднар, адказваючы на пытанне БелаПАН на сустрэчы з групай беларускіх журналістаў 19 лістапада ў Кіеве.
"Гэтае пытанне ўздымалася падчас сустрэчы прэзідэнтаў і абмяркоўвалася імі асабіста. Пакуль украінскі бок не бачыць магчымасці ўдзелу Беларусі ў міратворчай місіі, бо гэта непасрэдна звязана з удзелам у АДКБ і расійскімі вайскоўцамі. Мы не хочам сітуацыі, у якой Расія пры дапамозе Беларусі будзе ўплываць на тэрыторыю канфлікту на сваю карысць", — сказаў дыпламат.

"Для нас Беларусь — важны і стратэгічны партнёр, — падкрэсліў Боднар. — Вялікая працягласць мяжы, і зразумела, што з любога пункта гледжання ў асобе Беларусі нам лепш мець сябра, чым нейтральнага суседа або краіну-праціўніка. У любым выпадку мы будзем дзейнічаць так, каб падтрымліваць даверныя і сяброўскія адносіны з афіцыйным Мінскам. А даверныя адносіны кіраўнікоў дзяржаў з`яўляюцца асновай для двухбаковых адносін. Адчыняюцца дзверы кабінетаў, вырашаецца шмат пытанняў. Мы лічым, што нам трэба развіваць адносіны, зыходзячы з параметраў партнёрства, і падтрымліваць Беларусь, як толькі магчыма".

"У нас шмат пытанняў да прысутнасці Расіі на тэрыторыі Беларусі, але Мінск — гэта пляцоўка для [трохбаковай] кантактнай групы, і гэта пэўны ўзровень даверу да беларускага боку ў плане рэалізацыі мірнага працэсу".

31 кастрычніка на мінскай сустрэчы асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Мы можам узяць на сябе адказнасць за забеспячэнне міру ва ўсходніх рэгіёнах Украіны і кантроль на расійска-ўкраінскай мяжы, а таксама суправаджаць правядзенне выбараў на Данбасе, зыходзячы з разумення таго, што гэтыя рэгіёны з`яўляюцца неад`емнай часткай Украіны".
Сяргей Балай, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН