Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/20/981761_778899/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2018 03:59
20.11.2018 13:52 Грамадства

Гендырэктар БелТА Акуловіч не мае намеру рабіць нейкія дзеянні да заканчэння следства па "справе БелТА"

Мінск, 20 лістапада. Генеральны дырэктар РУП "БелТА" Ірына Акуловіч не мае намеру рабіць нейкія дзеянні да заканчэння следства па "справе БелТА". Пра гэта стала вядома падчас сустрэчы Акуловіч з намеснікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Барысам Гарэцкім, які быў у яе на прыёме 20 лістапада.

Як растлумачыў Гарэцкі ў каментары БелаПАН, мэтай сустрэчы было — данесці да суразмоўцы думку пра тое, што ў яе руках недавядзенне "справы БелТА" да суда і прымірэнне журналістаў недзяржаўных і дзяржаўных СМІ.

"Справа БелТА" наносіць велізарную шкоду не толькі незалежным СМІ, але і самому БелТА, таму што ў нашым асяроддзі назва гэтага агенцтва стала ўжо нейкай лаянкавай, — адзначыў Гарэцкі. — Акрамя таго, гэтая канфрантацыя шкодзіць і дзяржаве, бо на міжнароднай арэне мы чуем, што гэта — націск на журналістаў. У яе [Акуловіч] ёсць магчымасць прымірыцца з журналістамі і не даводзіць да суда гэтую абсурдную справу".

На пытанне, ці прызнае Акуловіч, што канфрантацыя ў журналісцкай супольнасці не патрэбная нікому з бакоў, намеснік кіраўніка БАЖ адказаў: "Яна сказала, што выслухала мяне і зразумела маю пазіцыю". "Акуловіч сказала мне, што ніякіх дзеянняў да заканчэння следства яна рабіць не будзе. Яна адзначыла, што разумее маю пазіцыю, падкрэсліла, што гэтая крымінальная справа аб паролях і незаконным доступе і яна не маюць палітычнай падаплёкі. Людзі павінны панесці адказнасць за тое, што зрабілі, таму што красці — гэта дрэнна", — расказаў Гарэцкі.

Падставай да распачынання справы згодна з ч. 2 арт. 349 КК (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды) — так званай справы БелТА — стала паведамленне дзяржаўнага інфармагенцтва аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія даваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў.

7—9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, партала tut.by і некаторых іншых СМІ, а таксама ў шэрагу іх супрацоўнікаў прайшлі вобыскі. Былі затрыманыя галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына, карэспандэнт агенцтва Таццяна Каравянкова, галоўны рэдактар tut.by Марына Золатава, а таксама рэдактары партала Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, уласны карэспандэнт "Нямецкай хвалі" Паўлюк Быкоўскі, рэдактар інтэрнэт-сайта газеты "Белорусы и рынок" Аляксей Жукаў. Усе яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання. Пасля выхаду з ІЧУ з іх узялі падпіску пра нераскрыванне. 27 жніўня большасці падазраваных быў забаронены выезд з краіны. На сёння абвінавачанне ў несанкцыянаваным доступе да камп`ютарнай інфармацыі выстаўленае 14 фігурантам справы.

Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН