Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/20/981870_741258/
Дата раздрукоўкі: 15.06.2021 15:03
20.11.2018 17:56 Эканоміка, Фінансы

ЕБРР выдзеліць найбуйнейшы для Беларусі крэдыт у камунальным сектары

Мінск, 20 лістапада. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця выдзеліць дзяржаўны крэдыт у 84 млн еўра для "Мінскводаканала". Гэта будзе найбуйнейшы крэдыт, дадзены ЕБРР Беларусі для камунальнага сектара, паведамілі БелаПАН у прэс-службе банка.
Крэдыт дапаможа прафінансаваць рэканструкцыю і аптымізацыю каналізацыйных ачышчальных збудаванняў "Мінскводаканала" і будаўніцтва эфектыўнага і сучаснага аб'екта па апрацоўцы асадку сцёкавых вод для забеспячэння выканання прадпрыемствам нацыянальных нормаў і нормаў Еўрапейскага саюза ў дачыненні да якасці ачышчэння сцёкавых вод. Гэтыя меры палепшаць стан навакольнага асяроддзя горада шляхам скарачэння выкідаў парніковых газаў больш як на 130.000 тон у эквіваленце CO2 на год, што супастаўнае са знікненнем 28.000 аўтамабіляў з вуліц сталіцы.

Гэты праект будзе фінансавацца сумесна з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам (ЕІБ), які выдзеліць паралельны крэдыт у такім жа памеры. Гэта будзе першы зацверджаны праект ЕІБ у Беларусі.

Праект з'яўляецца першай інвестыцыяй у межах плана дзеянняў "Зялёны горад" для Мінска — часткі праграмы ЕБРР "Зялёныя гарады". План фінансуецца ўрадам Швецыі і закліканы падтрымаць мерапрыемствы і інвестыцыі, скіраваныя на вырашэнне прыярытэтных экалагічных пытанняў у сталіцы Беларусі.

"Зялёныя гарады" ЕБРР — гэта крэдытная праграма ў 950 млн еўра, якая прапануе усёабдымную бізнес-мадэль для развіцця "зялёных" гарадоў у краінах аперацый ЕБРР і аб'ядноўвае стратэгічнае планаванне, інвестыцыі і адпаведную тэхнічную дапамогу.

ЕБРР паведамляе, што сумесна з ЕІБ таксама выдзеліць "значныя сродкі" ў рамках тэхнічнай падтрымкі для садзейнічання ў тэхнічных, фінансавых, экалагічных і сацыяльных аспектах рэалізацыі праекта.

Гэты праект сёмы ў партфелі ЕБРР у Беларусі па фінансаванні каналізацыйных ачышчальных збудаванняў. З пачатку сваёй дзейнасці ў Беларусі ў 1992 годзе ЕБРР інвеставаў больш за 2 млрд еўра ў 95 праектаў у розных галінах эканомікі краіны.

ЕБРР — шматбаковы банк, які спрыяе развіццю прыватнага сектара і прадпрымальніцкай ініцыятывы ў 38 дзяржавах на трох кантынентах. Акцыянерамі банка з'яўляюцца 67 краін, а таксама ЕС і ЕІБ. Стварэнне канкурэнтаздольнай, інклюзіўнай, эфектыўна кіраванай, "зялёнай", устойлівай і інтэграванай эканомікі ў рэгіёнах ЕБРР — мэта інвестыцыйнай дзейнасці банка.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239