Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/22/982117_778899/
Дата раздрукоўкі: 06.06.2020 19:53
22.11.2018 13:23 Эканоміка, Грамадства

"Белнафтахім" праводзіць апытанне аб стратэгіі павышэння цэн на паліва

Мінск, 22 лістапада. Беларускі дзяржаўны канцэрн па нафце і хіміі ("Белнафтахім") праводзіць інтэрнэт-апытанне грамадзян для вызначэння далейшай стратэгіі змены цэн на аўтамабільнае паліва.

Як паведамляе прэс-служба канцэрна, адказаць на пытанне, за які від цэнаўтварэння выступаюць грамадзяне — рынкавае ці дырэктыўнае, можна на афіцыйным сайце РУП "ВА "Беларуснафта".

Другое апытанне тычыцца тактыкі змены цэн. У карыстальнікаў партала навін пра нафту www.neft.by цікавяцца, які від павышэння цэн для іх больш пераважны — аднаразовае або паэтапнае.

18 лістапада кошт аўтамабільнага паліва на АЗС Беларусі зноў павялічыўся на капейку. Цана бензіну АІ-92-К5-Еўра склала 1,42 рубля, АІ-95-К5-Еўра — 1,51 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 1,72 рубля, ДП — 1,51 рубля за літр. Гэтае падаражанне стала 24-й зменай цэн на паліва ў 2018 годзе. Папярэдні раз цэны былі павялічаныя на капейку 11 лістапада.

Пра тое, што цэны на паліва на АЗС будуць змяняцца паступова, заявіў старшыня "Белнафтахіма" Андрэй Рыбакоў 15 лістапада ў Наваполацку (Віцебская вобласць) на сустрэчы з калектывам ААТ "Нафтан". Паводле яго слоў, ажыццёўленае павелічэнне цэн не кампенсавала змены кошту сыравіны, нават з улікам зніжэння кошту нафты ў апошнія тыдні. "Рашэнне аб павелічэнні альбо зніжэнні цаны на маторнае паліва прымаецца пасля ўважлівага аналізу сітуацыі па некалькіх паказчыках: кошт нафты, курс беларускага рубля, дынаміка цэн у суседніх краінах, падатковы складнік. У любым выпадку цэны на АЗС Беларусі будуць змяняцца паступова, без рыўкоў", — сказаў Рыбакоў.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239