Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/22/982133_12345/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 15:54
22.11.2018 14:36 Грамадства

СК завяршыў расследаванне махлярства пры выкананні грузаперавозак з уронам больш як 150 тысяч рублёў

Мінск, 22 лістапада. Следчы камітэт завяршыў расследаванне крадзяжоў буйных партый ягад і садавіны з уронам. Як паведамляе прэс-служба СК, у дзейнасці арганізаванай групы бралі ўдзел грамадзянін Беларусі і трое грамадзян Расіі.

Паводле дадзеных следства, беспрацоўны грамадзянін Расіі і беларус, заснавальнік прыватнага прадпрыемства ў сферы грузаперавозак, стварылі арганізаваную групу для крадзяжу грузаў. У далейшым яны залучылі ў яе склад яшчэ дваіх грамадзян Расіі.

Кіраўнікі групы ў асноўным займаліся распрацоўкай схем крадзяжу, падшуквалі грузы, забяспечвалі саўдзельнікаў сродкамі сувязі з мэтай канспірацыі, пошукам каналаў збыту выкрадзенага. Двое грамадзян Расіі з'яўляліся асноўнымі выканаўцамі і перавозілі тавар да месца разгрузкі.

У асобных выпадках прыцягваліся іншыя асобы для ўдзелу ў крадзяжах. Па крымінальнай справе абвінавачанымі таксама прызнаныя кіроўца (быў дасведчаны пра сапраўдную мэту грузаперавозкі, але не ведаў пра тое, што супрацьпраўныя дзеянні ўчыняюцца арганізаванай групай) і "дыспетчар" (падшукваў тавар для крадзяжу і вёў перамовы з прадстаўнікамі кампаній) — абодва грамадзяне Беларусі.

Сутнасць схемы заключалася ў тым, што фігуранты знаходзілі на сайце транспартнай біржы заказчыкаў, зацікаўленых у перавозцы садавіны па тэрыторыі Беларусі, а таксама ў Расію, і прапаноўвалі свае паслугі па дастаўцы тавару.

Размаўляючы з заказчыкамі, абвінавачаныя называліся работнікамі розных транспартных кампаній з добрымі водгукамі і рэпутацыяй. Цэны на свае паслугі яны заніжалі ў параўнанні з канкурэнтамі, каб гарантавана атрымаць тавар.

Прыязджаючы на загрузку, мужчыны падавалі заказчыку падробленыя дакументы на цягачы і паўпрычэпы. На транспартных сродках былі ўстаноўленыя падробленыя нумарныя знакі, выдадзеныя на іншыя аўтамабілі і іншым уладальнікам. Атрыманы груз рэалізоўваўся на тэрыторыі Расіі.

Матэрыялы крымінальнай справы ўключаюць пяць эпізодаў крадзяжу садавіны (клубніцы, гранат, яблыкі), частка з якіх устаноўлена следчым шляхам. Яшчэ адну спробу крадзяжу больш як 19 тон груш ў лютым 2018 года ўдалося спыніць, у выніку чаго і былі затрыманыя на месцы злачынства пяць чалавек — удзельнікі арганізаванай групы і прыцягнуты да здзяйснення крадзяжу кіроўца.

Усталяваная падчас папярэдняга расследавання шкода суб'ектам гаспадарання і індывідуальным прадпрымальнікам ад ашуканскіх дзеянняў складае больш за 150 тысяч беларускіх рублёў.

Накладзены арышт на маёмасць абвінавачаных на агульную суму больш за 389 тысяч рублёў, у тым ліку грашовыя сродкі, ювелірныя вырабы, аўтамабілі, камп'ютарную тэхніку, зямельныя ўчасткі і аб'екты нерухомасці.

Дзеянні шасцярых абвінавачаных кваліфікаваныя па ч. 4 арт. 209 (махлярства) Крымінальнага кодэкса, а пяці з іх, якія маюць дачыненне да эпізоду з замахам на крадзеж груш, — дадаткова па арт. 14 і ч. 4 арт. 209 (замах на махлярства).

Таксама 41-гадоваму грамадзяніну Расійскай Федэрацыі выстаўленае абвінавачанне ў выкарыстанні падробленага дакумента (ч. 1 арт. 380 КК Беларусі). Мужчына паказваў пры атрыманні грузаў пашпарт на імя Шчадзілава Арцёма Канстанцінавіча, а таксама з яго дапамогай набыў дзве сім-карты аператара мабільнай сувязі.

Да пяці мужчын прыменена мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай, яшчэ адзін грамадзянін Беларусі знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах.

Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239