Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/22/982200_123456/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2018 04:50
22.11.2018 19:24 Палітыка, Грамадства

Галоўны рэдактар партала tut.by абвінавачаная па больш "цяжкім" артыкуле КК

Мінск, 22 лістапада. У рамках "справы БелТА" 22 лістапада прад`яўлена абвінавачанне галоўнаму рэдактару партала tut.by Марыне Золатавай — па частцы 2 артыкула 425 Крымінальнага кодэкса (бяздзейнасць службовай асобы).
Калегам, якія сустракалі Золатаву каля Следчага камітэта, яна паведаміла, што допыт доўжыўся больш за тры гадзіны і здымаўся на відэакамеру. Абвінавачанне па артыкуле 349 КК (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі) з яе знята "з-за неўчынення злачынства".

Па версіі следства, галоўрэд tut.by не забяспечыла падпіску на БелТА і не спыніла несанкцыянаваны доступ супрацоўнікаў да платнай стужкі навін.

Сваё стаўленне да прад`яўленага абвінавачання Золатава пакуль не сфарміравала.

Золатава — адзіны фігурант "справы БелТА", якая абвінавачана па артыкуле 425. Максімальна магчымае пакаранне — пяць гадоў пазбаўлення волі. Астатнія праходзяць па больш "лёгкім" артыкуле 349 (да двух гадоў пазбаўлення волі).

Сёння стала вядома аб спыненні крымінальнага пераследу двух фігурантаў справы — мінскага карэспандэнта радыёстанцыі "Нямецкая хваля" Паўлюка Быкоўскага і галоўнага рэдактара партала realt.by Уладзіслава Кулецкага.

У гутарцы з калегамі Быкоўскі адзначыў, што больш не з`яўляецца фігурантам крымінальнай справы і на судзе, калі да яго дойдзе, будзе выступаць у якасці сведкі. Па словах журналіста, акрамя кампенсацыі раней выстаўленага яму ўрону (каля 4 тыс. рублёў) ён заплаціў штраф у 735 рублёў (30 базавых велічынь) — максімальную суму, прадугледжаную артыкулам 86 КК (вызваленне ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем асобы да адміністрацыйнай адказнасці). Быкоўскі заявіў, што чакаў спынення крымінальнага пераследу. Ён не ведае, калі можа адбыцца суд, але мяркуе, што справа набліжаецца да завяршэння.

З 7 па 9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, партала tut.by і некаторых іншых СМІ, а таксама ў шэрагу іх супрацоўнікаў прайшлі вобыскі. Былі затрыманыя супрацоўнікі партала tut.by Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Таццяна Каравянкова і Ірына Леўшына, уласкар "Нямецкай хвалі" Паўлюк Быкоўскі, а таксама рэдактар інтэрнэт-сайта газеты "Беларусы і рынак" Аляксей Жукаў. Яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання.

Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН