Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/22/982203_123456/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2018 03:56
22.11.2018 19:43 Грамадства

СК паведаміў аб завяршэнні расследавання крымінальнай справы аб несанкцыянаваным доступе да камп'ютарнай інфармацыі

Мінск, 22 лістапада. Расследаванне крымінальнай справы аб несанкцыянаваным доступе да камп'ютарнай інфармацыі РУП "БелТА" знаходзіцца на завяршальнай стадыі, паведаміў увечары 22 лістапада аддзел інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта Беларусі.

Паведамленне з'явілася пасля таго, як было афіцыйна прад'яўлена абвінавачанне галоўнаму рэдактару партала tut.by Марыне Золатавай — астатнім фігурантам гэтай справы абвінавачанні былі прад'яўлены каля двух тыдняў таму.

Па даных СК, абвінавачанні прад'яўлены 15 журналістам і рэдактарам. Дзеянні 14 з іх кваліфікаваны па ч. 2 арт. 349 КК (несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі). Галоўны рэдактар партала tut.by Марына Золатава абвінавачваецца па ч. 2 арт. 425 (бяздзейнасць службовай асобы). Крымінальны пераслед па ч. 2 арт. 349 КК у дачыненні да яе спынены.

СК таксама паведамляе аб задавальненні "са згоды Генеральнай пракуратуры" хадайніцтваў двух абвінавачаных — мінскага ўласкара радыёстанцыі "Нямецкая хваля" Паўла Быкоўскага і галоўнага рэдактара партала realt.by Уладзіслава Кулецкага — аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці на падставе артыкула 86 КК. "У парадку артыкула 30 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса следчымі вынесены пастановы аб спыненні ў дачыненні да іх крымінальнага пераследу з вызваленнем ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з прымяненнем мер адміністрацыйнага спагнання", — гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя таго, прынята рашэнне аб пастаноўцы абвінавачаных на ўлік у адпаведнасці з законам "Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі". "Гэта растлумачана фігурантам справы ў вусным парадку, — адзначае СК, — аднак у сродках масавай інфармацыі ўказаны факт быў інтэрпрэтаваны як пастаноўка на прафілактычны ўлік. Адзначым, што дадзеная працэдура з'яўляецца абавязковай для ўсіх падазраваных (абвінавачаных) па крымiнальных справах асоб".

"Звяртаем увагу на тое, што крымінальныя справы па артыкуле 349 (несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі) ў адпаведнасці з артыкулам 26 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса з'яўляюцца справамі публічнага абвінавачання, у сувязі з чым вытворчасць па іх не падлягае спыненню ў выпадку прымірэння бакоў", — падкрэслівае СК.

Падставай да ўзбуджэння справы па ч. 2 арт. 349 КК (несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды) — "справы БелТА" — стала паведамленне дзяржаўнага інфармагенцтва аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія даваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго заказчыкаў.

7—9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, партала tut.by і некаторых іншых СМІ, а таксама ў некаторых іх супрацоўнікаў прайшлі вобыскі. Былі затрыманыя галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына, карэспандэнт агенцтва Таццяна Каравянкова, галоўны рэдактар tut.by Марына Золатава, а таксама рэдактары партала Ганна Калтыгтна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, уласкар "Нямецкай хвалі" Паўлюк Быкоўскі, рэдактар інтэрнэт-сайта газеты "Беларусы і рынак "Аляксей Жукаў. Усе яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання. Пасля выхаду з ІЧУ з іх узялі падпіску аб неразгалошванні. 27 жніўня большасці падазраваных быў забаронены выезд з краіны.

Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН