Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/22/982219_123456/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2018 04:30
22.11.2018 20:38 Палітыка, Грамадства

Галоўны рэдактар партала tut.by абвінавачана па больш "цяжкім" артыкуле КК (дапоўнена)

Мінск, 22 лістапада. У рамках "справы БелТА" 22 лістапада прад'яўлена абвінавачанне галоўнаму рэдактару партала tut.by Марыне Золатавай — па частцы 2 артыкула 425 Крымінальнага кодэкса (бяздзейнасць службовай асобы).
Золатава паведаміла калегам, якія сустракалі яе каля Следчага камітэта, што допыт доўжыўся больш за тры гадзіны і здымаўся на відэакамеру. Абвінавачанне па артыкуле 349 КК (несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі) з яе знята "з-за неўчынення злачынства".

Па версіі следства, галоўрэд tut.by не забяспечыла падпіску на БелТА і не спыніла несанкцыянаваны доступ супрацоўнікаў да платнай стужкі навін.

Сваё стаўленне да прад'яўленага абвінавачання Золатава пакуль не сфарміравала.

Золатава — адзіны фігурант "справы БелТА", абвінавачаная па артыкуле 425. Максімальна магчымае пакаранне — пяць гадоў пазбаўлення волі. Астатнія праходзяць па больш "лёгкім" артыкуле 349 (да двух гадоў пазбаўлення волі).

Сёння стала вядома аб спыненні крымінальнага пераследу двух фігурантаў справы — мінскага карэспандэнта радыёстанцыі "Нямецкая хваля" Паўлюка Быкоўскага і галоўнага рэдактара партала realt.by Уладзіслава Кулецкага.

У гутарцы з калегамі Быкоўскі адзначыў, што больш не з'яўляецца фігурантам крымінальнай справы і на судзе, калі да яго дойдзе, будзе выступаць у якасці сьведкі. Па словах журналіста, акрамя кампенсацыі раней выстаўленага яму ўрону (каля 4 тыс. рублёў) ён заплаціў штраф у 735 рублёў (30 базавых велічынь) — максімальную суму, прадугледжаную артыкулам 86 КК (вызваленне ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем асобы да адміністрацыйнай адказнасці). Быкоўскі заявіў, што чакаў спынення крымінальнага пераследу. Ён не ведае, калі можа адбыцца суд, але мяркуе, што справа набліжаецца да завяршэння.

З 7 па 9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, партала tut.by і некаторых іншых СМІ, а таксама ў шэрагу іх супрацоўнікаў прайшлі вобыскі. Былі затрыманыя супрацоўнікі партала tut.by Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Таццяна Каравянкова і Ірына Леўшына, уласкар "Нямецкай хвалі" Паўлюк Быкоўскі, а таксама рэдактар інтэрнэт-сайта газеты "Беларусы і рынак" Аляксей Жукаў . Яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня.

9 жніўня СК паведаміў: Золатава прызнала, што з яе ведама супрацоўнікі tut.by на працягу доўгага часу незаконна выкарыстоўвалі рэквізіты доступу да платнай падпіскі БелТА, і што "дадзеныя звесткі пацвярджаюцца паказаннямі сведак, якія праходзяць па справе". "З улікам устаноўленых у ходзе расследавання абставін, а таксама таго, што Марына Золатава з'яўляецца службовай асобай, яе дзеянні кваліфікаваныя па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (бяздзейнасць службовай асобы)", — гаварылася ў прэс- рэлізе.

Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

Дапаўненне. Партал tut.by паведаміў, што Золатавай таксама прапанавана пакрыць "прычыненую шкоду неўстаноўленымі асобамі" ў суме 10.908 рублёў — УП "БелТА" і 2.683,08 рубля — установе Адміністрацыі прэзідэнта "Выдавецкі дом "Беларусь сегодня".

Таксама ў пастанове указана агульная сума маёмаснай шкоды УП "БелТА", нанесенай супрацоўнікамі tut.by — 52.320 рублёў і 18.172,56 рубля — ВД "Беларусь сегодня".
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН