Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/23/982242_12345/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 21:51
23.11.2018 10:53 Палітыка, Грамадства

Купчына атрымала ўзнагароду АБСЕ за ўнёсак у гендарную роўнасць і супрацьдзеянне гвалту ў дачыненні да жанчын

Мінск, 23 лістапада. Беларускі пасол у Аўстрыі, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры АБСЕ Алена Купчына ўзнагароджаная Белай стужкай АБСЕ "за важкі ўнёсак у прасоўванне гендарнай роўнасці і супрацьдзеянне гвалту ў дачыненні да жанчын". Узнагароджанне правёў 22 лістапада падчас спецыяльнай цырымоніі на пасяджэнні пастаяннага савета АБСЕ генеральны сакратар арганізацыі Томас Грэмінгер, паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.

Сёлета гэтай узнагароды таксама ўдастоеныя пастаянныя прадстаўнікі Іспаніі, Швецыі, Швейцарыі пры АБСЕ, супрацоўнікі місій Аўстрыі і Вялікабрытаніі.

Узнагароджваючы беларускага прадстаўніка, Грэмінгер адзначыў унёсак Купчыной у акцэнтаванне ў рамках АБСЕ тэмы барацьбы з гвалтам у дачыненні да жанчын, у прыватнасці яе актыўны ўдзел у пастаноўцы на пляцоўцы Арганізацыі 26 чэрвеня 2018 года дакументальнай п'есы "Сем". Пасол Беларусі таксама выступіла мадэратарам спецыяльнай нефармальнай рабочай сесіі АБСЕ 16 лістапада гэтага года па падрыхтоўцы дакументаў па тэме барацьбы з гвалтам у адносінах да жанчын да СМЗС АБСЕ ў Мілане.

Узнагарода Белая стужка, заснаваная ў 2013 годзе, уручаецца "за важкі ўнёсак у прасоўванне пытанняў гендарнай роўнасці і процідзеяння гвалту ў адносінах да жанчын і дзяўчынак". Кандыдатуры узнагароджаных Белай стужкай вызначаюцца падчас спецыяльнай штогадовай працэдуры адбору пасля атрымання намінацый ад дзяржаў-удзельніц і сакратарыята АБСЕ.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239