Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/23/982274_778899/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 15:17
23.11.2018 13:16 Грамадства, Эканоміка

Лукашэнка: Кошт жылля не павінен аўтаматычна павялічвацца з ростам зарплат

Мінск, 23 лістапада. Кошт жылля, што будуецца ў Беларусі, з'яўляецца найважнейшым пытаннем дзяржавы, заявіў Аляксандр Лукашэнка 23 лістапада ў Мінску на рэспубліканскім семінары-нарадзе аб павышэнні эфектыўнасці будаўнічага комплексу.

Паводле яго слоў, цана на квадратны метр жылля не павінна аўтаматычна павялічвацца з ростам зарплат.

"Задачай урада застаецца захаванне формулы — адзін квадратны метр з дзяржпадтрымкай не вышэй за сярэднямесячную заработную плату. Дасягненне ўзроўню заработнай платы ў тысячу рублёў не азначае, што метр жылля аўтаматычна павінен каштаваць столькі ж", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Занепакоенасць кіраўніка дзяржавы выклікала пытанне завяршэння будаўніцтва жылых дамоў, тэрмін узвядзення якіх перавышае раней устаноўленыя нормы. "Такіх дамоў у краіне 35. Гэта, вядома, не 380 дамоў, як у 2013 годзе, але і іх быць не павінна. За кожным з іх стаяць нашы суграмадзяне", — сказаў Лукашэнка.

Ён запатрабаваў ад кіраўніка Мінгарвыканкама і ўсіх старшыняў аблвыканкамаў узяць на кантроль сітуацыю з кожным з такіх дамоў і завяршыць будаўніцтва максімум у першай палове 2019 года. Камітэту дзяржкантролю і Генеральнай пракуратуры даручана "прааналізаваць сітуацыю ў гэтым пытанні і зрабіць неабходныя дзеянні".

Акрамя таго, Лукашэнка даручыў на заканадаўчым узроўні вызначыць Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва адзіным органам, які фармуе дзяржаўную палітыку ў гэтай сферы.

"Толькі профільнае міністэрства павінна ўсталёўваць будаўнічыя нормы. Задача астатніх — вызначаць нормы эксплуатацыі і забяспечваць кантроль за іх выкананнем. Патрабую ад урада аптымізаваць усе нормы, сканцэнтраваць усё галіновае заканадаўства ў адных руках і вызначыць Мінбудархітэктуры адзіным органам, які фармуе дзяржаўную палітыку ў будсферы", — даручыў кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да губернатараў, Лукашэнка сказаў, што яго па-ранейшаму інфармуюць пра выпадкі невыканання ў рэгіёнах устаноўленых тэрмінаў правядзення адміністрацыйных працэдур, а таксама бюракратызм пры афармленні рознай дакументацыі. "Гэта ўсё цвіце і пахне, як у народзе гавораць", — дадаў ён.

"Папярэджваю ўсіх, каб не сыходзілі з зададзенай лініі па лібералізацыі і выключэнні залішніх патрабаванняў для бізнесу. Але не трэба пры гэтым да яго падлашчвацца. Не трэба перашкаджаць, але ў выпадку чаго і запыт павінен быць адпаведны", — звярнуў увагу Лукашэнка.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239