Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/23/982276_982284/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 07:09
23.11.2018 13:05 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка патрабуе за два гады ліквідаваць чаргу шматдзетных сем'яў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў

Мінск, 23 лістапада. Аляксандр Лукашэнка ставіць задачу за два гады ліквідаваць чаргу, што ўтварылася, шматдзетных сем'яў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Пра гэта ён заявіў 23 лістапада на рэспубліканскім семінары-нарадзе аб павышэнні эфектыўнасці будаўнічага комплексу.

"Калі з агульнай чаргой у цэлым разабраліся, і колькасць усіх, хто маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, штогод зніжаецца, то чарга шматдзетных сем'яў бесперапынна расце", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, за два апошнія гады колькасць такіх сем'яў павялічылася на 8,5 тыс. Пры гэтым паўсюдна не выконваецца даручэнне аб накіраванні шматдзетных сем'яў на будаўніцтва жылля на працягу аднаго года. На пачатак 2018 года з 34 тыс. такіх сем'яў не накіраваныя на будаўніцтва 25 тыс., а амаль 7 тыс. чакаюць у чарзе больш за тры гады.

Лукашэнка назваў сітуацыю недапушчальнай і паставіў задачу ўраду сумесна з аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам павялічыць аб'ёмы будаўніцтва жылля для гэтай катэгорыі. "Разам з банкамі вызначыце неабходныя крыніцы фінансавання, за два наступныя гады ліквідуйце чаргу, што ўтварылася, і выйдзіце на забеспячэнне шматдзетных сем'яў жыллём на працягу аднаго года, як гэта прадугледжанае ўказам № 13", — даручыў ён.

Указ № 13 ад 6 студзеня 2012 года прадугледжвае выдачу пяці тыпаў ільготных крэдытаў, на якія могуць разлічваць асобныя катэгорыі грамадзян. Шматдзетныя сем'і — адна з гэтых катэгорый. Яны могуць атрымаць такі крэдыт тэрмінам на 40 гадоў пад 1% гадавых. Акрамя таго, указ прадугледжвае ўвядзенне катэгорыі пазачаргавікоў, якія могуць атрымаць ільготны крэдыт незалежна ад таго, што перад імі ў чарзе ёсць іншыя сем'і. Да гэтай катэгорыі таксама адносяцца шматдзетныя сем'і і сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.

Заданне на 2018 год па ўводзе ў эксплуатацыю жылых памяшканняў устаноўленае на ўзроўні 4 млн кв. метраў. Для тых, хто маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у шматкватэрных дамах у гарадах запланавана пабудаваць 587 тыс. кв. м, з дзяржпадтрымкай — 900 тыс. кв. м.

Сацыяльнага жылля плануецца пабудаваць 679 тыс. кв. м (фінансаванне — 37 млн 405 тыс. рублёў), для шматдзетных сем'яў — 562,6 тыс. кв. м (410 млн 360 тыс.).

Пры гэтым у студзені—кастрычніку ў Беларусі ўведзена ў эксплуатацыю 2 млн 790,4 тыс. кв. м агульнай плошчы жылля, што на 8,5% менш, чым у студзені—кастрычніку 2017 года.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239