Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/23/982277_12345/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2018 03:56
23.11.2018 13:15 Грамадства, Палітыка

Святлана Алексіевіч выступіла ў падтрымку журналістаў па "справе БелТА"

Мінск, 23 лістапада. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 2015 года Святлана Алексіевіч выступіла ў падтрымку журналістаў па "справе БелТА". Відэазапіс звароту і яго тэкст размешчаны на сайце Беларускай асацыяцыі журналістаў.

"Адбываецца наступ на адзін з самых моцных, цікавых і разгорнутых рэсурсаў у нашай краіне. Дзяржава прыбірае яго да рук, робячы гэта ўласцівымі ёй спосабамі. Проста чыніцца самаўпраўнасць. Часам самаўпраўнасць, часам злачынства", — заявіла Алексіевіч.

Улады, лічыць яна, "хочуць tut.by зрабіць паслухмяным сабе". "Я думаю, мільёны два беларусаў былі там, самую галоўную інфармацыю атрымлівалі там. Вось гэта больш за ўсё і не падабаецца дзяржаве", — сказала пісьменніца.

На жаль, адзначыла Алексіевіч, беларуская садружнасць журналістаў "не стала на абарону, як гэта адбылося б, дапусцім, ва Украіне, як гэта адбылося б у Прыбалтыцы". "Тым больш я не кажу пра іншыя развітыя краіны. Там гэта было б немагчыма. Нас будуць знішчаць паасобку, а грамадства ў цэлым не становіцца на абарону. Не разумеючы, што гэты суд, які вяршыцца, прайграе не Марына Золатава, не Зісер, не tut.by. Мы ўсе яго прайграем", — лічыць яна.

"Кожны з нас павінен ва ўсякім выпадку крычаць, лямантаваць, гаварыць: "Людзі, прыйдуць хутка і па вас! Вы не думайце, што гэта прыйшлі па Марыну Золатаву". Можа, так людзі прачнуцца", — падкрэсліла Алексіевіч.

З 7 па 9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, партала tut.by і некаторых іншых СМІ, а таксама ў шэрагу іх супрацоўнікаў прайшлі вобшукі. Былі затрыманыя супрацоўнікі партала tut.by Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Таццяна Каравянкова і Ірына Леўшына, уласны карэспандэнт "Нямецкай хвалі" Паўлюк Быкоўскі, а таксама рэдактар інтэрнэт-сайта газеты "Белорусы и рынок" Аляксей Жукаў. Яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання.

Следчы камітэт абвінаваціў 15 журналістаў па артыкуле 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі). Прычынай распачынання справы стала паведамленне дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА пра збоі пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія аказваліся аднаму з заказчыкаў.

22 лістапада быў спынены крымінальны пераслед двух фігурантаў "справы БелТА" — Быкоўскага і галоўнага рэдактара партала realt.by Уладзіслава Кулецкага.

У той жа час Золатавай было выстаўленае абвінавачванне па больш "цяжкім" крымінальным артыкуле — па частцы 2 артыкула 425 Крымінальнага кодэкса (бяздзейнасць службовай асобы).

Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН