Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/23/982292_771122/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 06:18
23.11.2018 13:43 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка патрабуе ад урада неадкладна пачаць развіццё гарадоў-спадарожнікаў

Мінск, 23 лістапада. Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным палепшыць планаванне тэрыторый, каб малыя населеныя пункты былі прывабныя для жыцця людзей. Пра гэта ён заявіў 23 лістапада на рэспубліканскім семінары-нарадзе аб павышэнні эфектыўнасці будаўнічага комплексу Беларусі, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Паводле яго слоў, нізкая прывабнасць малых населеных пунктаў абумоўленая неразвітасцю ў іх інфраструктуры, адсутнасцю камфортнага асяроддзя для жыцця. "Патрабую ад урада неадкладна пачаць выкананне прынятых рашэнняў па развіцці гарадоў-спадарожнікаў з павелічэннем аб'ёмаў будаўніцтва жылля. Акрамя таго, там адначасова трэба ствараць адпаведную інжынерна-транспартную і сацыяльную інфраструктуру", — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка звярнуў увагу і на такія буйныя гарады, як Баранавічы (Брэсцкая вобласць), Бабруйск (Магілёўская вобласць), Маладзечна (Мінская вобласць), Орша (Віцебская вобласць), якія таксама павінны стаць месцам прыцягнення людзей. "У іх трэба развіваць не толькі вытворчасці з добра аплатнымі працоўнымі месцамі, але і камфортнае асяроддзе для жыцця людзей. Не трэба там будаваць 25-павярховыя будынкі. Трэба ствараць раёны малапавярховай забудовы", — лічыць кіраўнік дзяржавы. Ён даручыў у адным з такіх гарадоў рэалізаваць пілотны праект па комплекснай забудове зямельнага ўчастка малапавярховымі жылымі дамамі.

Яшчэ адзін праблемны момант, на які звярнуў увагу Лукашэнка, — гэта развіццё інфраструктуры ў раёнах, дзе вядзецца жылая забудова, у тым ліку індывідуальная. "Як правіла, не ў людзях праблема. Гэта мясцовыя ўлады не могуць забяспечыць будаўніцтва неабходнай інфраструктуры. Так быць не павінна!" — падкрэсліў ён.

Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што недалёка ад Мінска зямельныя ўчасткі набываюць, як правіла, не бедныя людзі. "Таму будаваць водаадвядзенне, водазабеспячэнне, газіфікаваць, лініі электраперадач і дарогі вы павінны разам з імі. Нельга гэта ўсё будаваць толькі за кошт бюджэту. Так, перш чым выводзіць людзей на нейкую карту для забудовы, трэба падзяліць на ўчасткі і падвесці дарогу, каб людзі ці забудоўшчык маглі будаваць гэтыя дамы. А далей дамаўляйцеся з людзьмі", — сказаў ён.

"Апераджальнае будаўніцтва сетак і дарог для раёнаў жылой забудовы, у тым ліку індывідуальнай, — найважнейшая задача для развіцця тэрыторый. Ураду з губернатарамі і банкамі неабходна вырашыць пытанне, дзе і на якіх умовах атрымаць для гэтага сродкі. З улікам сумеснага фінансавання з боку ўладальнікаў гэтых участкаў і дамоў", — даручыў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы лічыць недапушчальным ператвараць у "каменныя джунглі" мікрараёны-новабудоўлі, бо шматкватэрныя кварталы часта будуюць паводле прынцыпу "менш выдаткаў — больш прыбытку". "Прыдамавая тэрыторыя добраўпарадкоўваецца мінімальна. У лепшым выпадку дзіцячая пляцоўка незразумела якая, пара дрэў, а то і наогул толькі асфальт або плітка, — адзначыў ён. — Як у такіх каменных джунглях можна жыць чалавеку? Сорамна глядзець на новыя кварталы".

"Год наступны на вырашэнне гэтай праблемы", — заявіў Лукашэнка, маючы на ўвазе азеляненне жылых раёнаў. Ён даручыў Мінбудархітэктуры ўсталяваць абавязковыя правілы па стварэнні камфортнага асяроддзя ў мікрараёнах-новабудоўлях.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239