Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/23/982297_447001/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 16:10
23.11.2018 13:56 Эканоміка

Лукашэнка патрабуе ліквідаваць чаргу шматдзетных сем'яў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў

Мінск, 23 лістапада. На рэспубліканскім семінары-нарадзе аб павышэнні эфектыўнасці будаўнічага комплексу 23 лістапада Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу за два гады ліквідаваць чаргу шматдзетных сем'яў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
"Калі з агульнай чаргой у цэлым разабраліся, і колькасць усіх, хто маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, штогод зніжаецца, то чарга шматдзетных сем'яў бесперапынна расце", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, за два апошнія гады колькасць такіх сем'яў павялічылася на 8,5 тыс. Пры гэтым паўсюдна не выконваецца даручэнне аб накіраванні шматдзетных сем'яў на будаўніцтва жылля на працягу аднаго года.

Лукашэнка назваў сітуацыю недапушчальнай і паставіў задачу ўраду сумесна з аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам павялічыць аб'ёмы будаўніцтва жылля для гэтай катэгорыі. "Разам з банкамі вызначыце неабходныя крыніцы фінансавання, за два наступныя гады ліквідуйце чаргу, што ўтварылася, і выйдзіце на забеспячэнне шматдзетных сем'яў жыллём на працягу аднаго года, як гэта прадугледжанае ўказам № 13", — даручыў ён.

Лукашэнка таксама заявіў, што кошт жылля не павінен аўтаматычна павялічвацца з ростам зарплат. "Задачай урада застаецца захаванне формулы — адзін квадратны метр з дзяржпадтрымкай не вышэй за сярэднямесячную заработную плату. Дасягненне ўзроўню заработнай платы ў тысячу рублёў не азначае, што метр жылля аўтаматычна павінен каштаваць столькі ж", — сказаў ён.

На нарадзе таксама была пастаўленая задача максімальна павялічыць у жыллёвым будаўніцтве долю арэнднага жылля. Лукашэнка заявіў, што рынак арэнднага жылля ў Беларусі пакуль развіваецца павольна: за шэсць гадоў уведзена толькі 745 тыс. кв. м, што складае 2,5% ад агульнага аб'ёму. Для прыкладу, у Германіі доля такога жылля дасягае 58%, у Швейцарыі — 71%.

"Як паказвае практыка, у нас яно вельмі запатрабаванае. Толькі ў Мінску на адну такую кватэру 150 і больш ахвотных", — сказаў ён.

Акрамя таго, дадаў Лукашэнка, развіццё рынку арэнднага жылля неабходнае для вырашэння пытанняў працоўнай міграцыі і будзе спрыяць прыцягненню маладых спецыялістаў у малыя і сярэднія гарады Беларусі.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239