Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/23/982308_12345/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 15:06
23.11.2018 14:31 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка патрабуе рабіць неадкладныя захады па кожным выпадку стварэння перашкод продажу беларускай прадукцыі на еўразійскім рынку

Мінск, 23 лістапада. Аляксандр Лукашэнка даручыў Міністэрству антыманапольнага рэгулявання і гандлю па кожным выпадку стварэння штучных бар'ераў для продажу беларускай прадукцыі на еўразійскім рынку праводзіць сур'ёзнае расследаванне і рабіць неадкладныя захады. Пра гэта ён заявіў 23 лістапада на рэспубліканскім семінары-нарадзе аб павышэнні эфектыўнасці будаўнічага комплексу.

"У вас вядучая роля ў гэтым пытанні", — прыводзіць словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

"Мне дакладваюць, што да гэтага часу не атрыманыя грошы за будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната. Я чакаю вырашэння гэтага пытання, — сказаў беларускі кіраўнік. — Акрамя таго, расіяне не разлічыліся за аб'екты, пабудаваныя ў Калузе да чэмпіянату свету па футболе. Урад павінен без прамаруджвання падключыцца да вырашэння гэтых пытанняў. Калі трэба, прыцягвайце МЗС, нашых прадстаўнікоў у Еўразійскай эканамічнай камісіі".

Кіраўнік дзяржавы закрануў і пытанні супрацоўніцтва з замежнымі кампаніямі. Паводле яго слоў, ужо больш за пяць гадоў яго з розных крыніц інфармуюць пра зацікаўленасць замежнага капіталу ў інвеставанні ў вытворчасць будматэрыялаў. "Мы гатовыя прадаць усё — не пытанне. Пытанне ў цане. А яшчэ раней трэба адказаць, ці патрэбна нам гэта. Калі мы прымем рашэнне, што нам трэба нешта прадаць, у тым ліку замежнаму інвестару, крытэрыі зразумелыя. Першы крытэр — гэта цана", — сказаў ён.

Паводле слоў прэзідэнта, часта, калі інвестар зацікаўлены ў набыцці нейкага прадпрыемства, узнікае пытанне, што будзе з работнікамі — новы гаспадар плануе звольніць многіх з іх. "Я пытаюся: і што мне рабіць з гэтымі людзьмі? Адказу няма. Нам такія прапановы не патрэбныя. Галоўнае — гэта людзі, — падкрэсліў Лукашэнка. — На ўзровень кіраўніка дзяржавы ўносьце толькі комплексныя прапановы, калі ўпэўненыя, што яны сапраўды эфектыўныя і выгадныя нам. Саўмін павінен разабрацца з гэтым пытаннем да 31 снежня гэтага года".

Лукашэнка таксама патрабуе ад урада забяспечыць эфектыўнасць і празрыстасць гандлю на знешніх рынках.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што вырабіць прадукцыю — не асноўная задача, галоўнае — выгадна прадаць яе і зарабіць. Як дакладвае Савет міністраў, больш за 40% ад усяго аб'ёму будаўнічых матэрыялаў пастаўляецца на экспарт. Аднак, звярнуў увагу беларускі кіраўнік, значная доля цэменту прадаецца ў Расію праз АТ "Еўрацэмент груп".

"Да сённяшняга дня урадам не выкананае даручэнне аб развіцці эфектыўнай уласнай тавараправоднай сеткі ў Расіі. І на біржы з-за таго, што там цэны вышэйшыя, чым па прамых дагаворах, цэмент таксама не прадаецца. Усё гэта і стварае перадумовы для карупцыі і з'яўлення шэрых схем, — заўважыў Лукашэнка. — Таму патрабую ад урада забяспечыць эфектыўнасць, празрыстасць гандлю на знешніх рынках. А ад камiтэтаў дзяржаўнага кантролю і дзяржбяспекі, пракурора і міністра ўнутраных спраў — жорсткі кантроль за гэтай працай".
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239