Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/23/982310_778965/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 07:47
23.11.2018 14:42 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка заяўляе пра недапушчальнасць змякчэння адказнасці за карупцыю

Мінск, 23 лістапада. Аляксандр Лукашэнка лічыць недапушчальным змякчэнне адказнасці за карупцыйныя злачынствы. Пра гэта ён заявіў 23 лістапада на рэспубліканскім семінары-нарадзе аб павышэнні эфектыўнасці будаўнічага комплексу.
"Мы давядзем да кожнага на месцах патрабаванні прэзідэнта па барацьбе з карупцыяй і іншымі правапарушэннямі. А потым ад мяне дабра не шукайце", — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Лукашэнка адзначыў, што ўбачыў шчыліну, калі карупцыянераў за хабар і іншыя правапарушэнні пазбаўляюць волі, а праз некаторы час выпускаюць за добрыя паводзіны. "Гэтага больш не будзе", — заявіў беларускі кіраўнік.

Паводле яго слоў, на гэты конт ужо дадзеныя ўказанні: "За карупцыю толькі дадаваць будзем. Трапілі ў турму на 20 гадоў — яшчэ 10 дададзім. Думайце, як жыць далей".

Гаворачы аб праблемах у будаўнічай сферы, найбольш важнымі Лукашэнка назваў цану, якасць і тэрміны будаўніцтва. Ён лічыць, што пытанне якасці будаўніцтва не столькі ў кадравай праблеме, а часта менавіта ў няўменні кіраўнікоў кіраваць сваімі арганізацыямі. "Праца кіраўніка агідная. Я ўжо не кажу пра эфектыўнасць таго ці іншага прадпрыемства", — сказаў Лукашэнка.

Ён запатрабаваў растлумачыць, чаму зноў з'яўляюцца дамы, будаўніцтва якіх не завяршаецца ў тэрмін, і папракнуў чыноўнікаў тым, што яны нават да нарады не прынялі дзейсных мер для завяршэння будаўніцтва такіх аб'ектаў.

Лукашэнка згадаў адзін з абуральных фактаў, пра які яму нядаўна паведамілі. "Гаворка ішла аб будаўніцтве ў Мінску кватэр па прымальных цэнах, якімі пасля павінны былі распараджацца гарадскія ўлады: альбо прадаваць па рынкавым кошце, альбо даваць жыллё малазабяспечаным і шматдзетным", — адзначаецца ў паведамленні прэс-службы.

Паводле слоў Лукашэнкі, ён тады прыняў рашэнне аб будаўніцтве паводле такой схемы. А нядаўна кіраўніку дзяржавы паведамілі, што больш за 60 такіх кватэр, пабудаваных па цане, эквівалентнай 650 доларам, купілі нейкія дзялкі для наступнага перапродажу па рынкавай цане. "54 ці 56 паспелі прадаць кватэр. А дзе старшыня гарвыканкама? Па-мойму, у Цэнтральным раёне гэта было. А дзе кіраўнікі гэтага раёна? Учора мною было прынятае рашэнне: усіх у следчы ізалятар, надзець наручнікі, разабрацца з усімі і вярнуць грошы народу", — заявіў ён.

Кіраўнік дзяржавы дадаў: "Парадак трэба навесці ўсюды. Мы ўмеем і ведаем, як працаваць".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239