Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/23/982317_880025/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 08:09
23.11.2018 14:57 Эканоміка

Кіраўнік дзяржавы: У мадэрнізацыю будаўнічай прамысловасці ўкладзеныя каласальныя рэсурсы, але яна па-ранейшаму неэфектыўная

Мінск, 23 лістапада. Выступаючы 23 лістапада на рэспубліканскім семінары-нарадзе, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў папярэднія гады была праведзеная маштабная мадэрнізацыя галіновай прамысловасці, куды ўкладзеныя каласальныя бюджэтныя і банкаўскія рэсурсы. "Разам з тым, як і пяць гадоў таму, сёння вымушаны казаць пра яе неэфектыўнасць", — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Паводле слоў Лукашэнкі, сусветныя тэндэнцыі развіцця буйнапанэльнага домабудавання скіраваныя на мінімізацыю вытворчых аперацый на будаўнічай пляцоўцы з пераносам іх у заводскія ўмовы. "Мы правялі мадэрнізацыю домабудаўнічых камбінатаў. Нарасцілі іх гадавыя магутнасці да двух з паловай мільёнаў метраў вырабаў. Стварылі добрую базу для будаўніцтва эканамічных, энергаэфектыўных аб'ектаў. Але аддачы не атрымалі", — звярнуў увагу беларускі кіраўнік.

Загрузка камбінатаў на працягу апошніх пяці гадоў не перавышае 50%. З 13 мадэрнізаваных ДБК адзінкі працуюць эфектыўна. Пры гэтым экспарт паслуг па будаўніцтве жылля за межамі краіны сёлета скараціўся амаль удвая. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў разабрацца ў прычыне такога падзення. "Вядома, і міністр, і дырэктары могуць спаслацца на вялікі крэдытны цяжар, агульнае змяншэнне рынку жыллёвага будаўніцтва і іншыя фактары. Аднак насамрэч хто хоча знайсці працу, той яе знаходзіць. Нягледзячы на цяжкасці", — упэўнены Лукашэнка.

Ён прывёў прыклад таго, як Мазырскі ДБК, Гомельскі ДБК, "МАПІД" і іншыя камбінаты працуюць у краіне і зарабляюць у Расіі. "Таму хопіць чакаць дапамогі ад дзяржавы. Вы павінны змагацца за ўсе сегменты будаўнічага рынку — ад жылля да прамысловых аб'ектаў", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка даручыў прэм'ер-міністру, губернатарам, віцэ-прэм'еру і міністру вызначыць з ліку домабудаўнічых камбінатаў асноўных забудоўшчыкаў кварталаў па краіне і давесці ім "напружанае заданне па экспарце іх прадукцыі і паслуг".
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239