Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/23/982324_741258/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2018 03:56
23.11.2018 16:06 Грамадства, Палітыка

Прадстаўнікі ўкраінскіх медыя заклікаюць беларускія ўлады спыніць "справу БелТА"

Мінск, 23 лістапада. Буйныя грамадскія аб'яднанні журналістаў Украіны — "Інтерньюз-Украіна", "Детектор медіа", Інстытут масавай інфармацыі, Інстытут развіцця рэгіянальнай прэсы — выступілі ў падтрымку беларускіх калег, якіх абвінавачваюць па "справе БелТА".

У звароце прадстаўнікі медыйнай супольнасці Украіны адзначаюць, што пільна сочаць за развіццём падзей у сувязі са "справай БелТА", паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Яны вітаюць вызваленне ад крымінальнай адказнасці карэспандэнта Deutsche Welle Паўлюка Быкоўскага і рэдактара партала realt.by Уладзіслава Кулецкага. Аднак той факт, што іншым фігурантам справы па-ранейшаму пагражае крымінальная адказнасць, выклікае негатыўныя ацэнкі.

"На нашу думку, шматгадовая праца партала tut.by з'яўляецца добрым прыкладам прафесійнай журналістыкі ў Беларусі. Працу рэдакцыі добра ацэньваюць мільёны чытачоў у Беларусі і за яе межамі. Мы выказваем падтрымку Марыне Золатавай і салідарныя з усімі беларускімі журналістамі і арганізацыямі, якія падтрымліваюць рэдакцыю tut.by гэтымі днямі", — гаворыцца ў звароце.

Украінскія журналісты заклікаюць беларускія ўлады зняць абвінавачанні з Золатавай і іншых прадстаўнікоў СМІ, бо "перакананыя, што гэты прэцэдэнт ставіць пад пагрозу свабоднае развіццё журналістыкі ў Беларусі".

Падпісанты звароту заклікаюць беларускія ўлады адмовіцца ад практыкі націску на СМІ і даць ім спакойна працаваць.

З 7 па 9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, партала tut.by і некаторых іншых СМІ, а таксама ў шэрагу іх супрацоўнікаў прайшлі вобыскі. Былі затрыманыя супрацоўнікі tut.by Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, БелаПАН — Таццяна Каравянкова і Ірына Леўшына, уласны карэспандэнт "Нямецкай хвалі" Паўлюк Быкоўскі, а таксама рэдактар інтэрнэт-сайта газеты "Белорусы и рынок" Аляксей Жукаў. Яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання.

Следчы камітэт абвінаваціў 15 журналістаў на падставе артыкула 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі). Прычынай распачынання справы стала паведамленне дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія аказваліся аднаму з замоўцаў.

22 лістапада быў спынены крымінальны пераслед двух фігурантаў "справы БелТА" — Быкоўскага і Кулецкага. У той жа час Золатавай было выстаўленае абвінавачанне па больш "цяжкім" артыкуле — згодна з часткай 2 артыкула 425 Крымінальнага кодэкса (бяздзейнасць службовай асобы).

Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН