Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/27/982852_123456/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2018 04:31
27.11.2018 19:10 Грамадства

Крымінальны пераслед яшчэ пяцярых супрацоўнікаў tut.by па "справе БелТА" спынены

Мінск, 27 лістапада. Крымінальны пераслед па "справе БелТА" пяцярых супрацоўнікаў інтэрнэт-партала tut.by, у тым ліку рэдактараў Галіны Уласік, Ганны Калтыгіный, Дзмітрыя Бобрыка, спынены.

Як паведамляе tut.by, 27 лістапада былі задаволеныя іх хадайніцтвы аб спыненні вытворчасці па справе на падставе арт. 86 КК (вызваленне ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем асобы да адміністрацыйнай адказнасці). Усе рэдактары пагасілі ўрон (ад 3.000 да 17.000 рублёў) і заплацілі адміністрацыйныя штрафы ў 30 базавых велічынь (735 рублёў). Зараз па "справе БелТА" яны праходзяць як сведкі. Падпіска аб нявыездзе адмененая, забарона на выезд з краіны знятая.

З ліку супрацоўнікаў tut.by абвінавачанымі па крымінальнай справе застаецца галоўны рэдактар партала Марына Золатава і рэдактар Ганна Ермачонак. Золатавай выстаўленае абвінавачанне па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (бяздзейнасць службовай асобы). Санкцыі па гэтым артыкуле прадугледжваюць ад штрафу да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Як паведамлялася раней, 26 лістапада стала вядома аб спыненні па аналагічных абставінах крымінальнага пераследу міжнароднага аглядальніка БелаПАН Таццяны Каравянковай, рэдактара tut.by Ульяны Бабаед, а таксама рэдактара інтэрнэт-сайта газеты "Белорусы и рынок" Аляксея Жукава.

22 лістапада двух фігурантаў справы, уласнага карэспандэнта "Нямецкай хвалі" Паўла Быкоўскага і рэдактара партала realt.by Уладзіслава Кулецкага, таксама вызвалілі ад крымінальнай адказнасці.

Усяго па "справе БелТА" праходзілі 15 чалавек. Усе яны, акрамя галоўнага рэдактара tut.by Марыны Золатавай, былі абвінавачаныя па ч. 2 арт. 349 КК (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі БелТА). Золатавай выставілі абвінавачанне па ч. 2 арт. 425 КК (бяздзейнасць службовай асобы). Усім фігурантам выстаўленыя іскі аб шкодзе, яго сумы вар`ююцца ад 3 да 17 тысяч рублёў.

З 7 па 9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, партала tut.by і некаторых іншых СМІ, а таксама ў некаторых іх супрацоўнікаў прайшлі вобыскі. Былі затрыманыя супрацоўнікі партала tut.by Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Таццяна Каравянкова і Ірына Леўшына, а таксама Павел Быкоўскі і Аляксей Жукаў. Яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання.

Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН