Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/28/982896_778899/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 15:45
28.11.2018 11:52 Палітыка, Грамадства

"Міжнародная амністыя" асудзіла чарговую смяротную кару ў Беларусі

Мінск, 28 лістапада. "Міжнародная амністыя" асуджае прывядзенне ў выкананне чарговага смяротнага прысуду ў Беларусі, гаворыцца ў заяве праваабарончай арганізацыі ў сувязі з інфармацыяй пра пакаранне Сямёна Беражнога.

"Мы былі ўзрушаныя, пачуўшы гэтую навіну. Літаральна некалькі тыдняў таму мы былі з візітам у Беларусі, дзе абмяркоўвалі з уладамі іх магчымыя крокі да адмены смяротнага пакарання", — сказала дырэктар "Міжнароднай амністыі" па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразерс.

Праваабаронцы таксама сур`ёзна занепакоеныя лёсам Ігара Гершанкова, сям`я якога больш за месяц не атрымлівае ад яго лістоў.

"Улады павінны неадкладна паведаміць падрабязнасці пра лёс зняволенага", — падкрэсліваецца ў заяве.

Пра расстрэл фігуранта гучнай справы "чорных рыэлтараў" Сямёна Беражнога стала вядома 27 лістапада. Інфармацыю пра пакаранне каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда атрымаў ад сваякоў Беражнога.

21 ліпеня 2017 года Магілёўскі абласны суд прызнаў фігурантаў справы "чорных рыэлтараў" Сямёна Беражнога, а таксама мужа і жонку Ігара і Таццяну Гершанковых вінаватымі ва ўчыненні забойстваў і падрыхтоўцы да забойстваў, выкраданні чалавека і падрыхтоўцы да выкрадання, а таксама ў махлярстве, разбоі, вымагальніцтве, крадзяжы або знішчэнні дакументаў. Гершанковы таксама прызнаныя вінаватымі ў незаконным абароце наркотыкаў або псіхатропных рэчываў (захоўванне без мэты збыту). Чацвёрты фігурант справы Барыс Калеснікаў быў абвінавачаны ў разбоі, дапамаганні пры ўчыненні забойства і пры выкраданні чалавека. Беражнога і Ігара Гершанкова аблсуд прыгаварыў да смяротнай кары, Таццяну Гершанкову — да 24 гадоў пазбаўлення волі, Калеснікава — да 22 гадоў і аднаго месяца зняволення.

20 снежня 2017 года Вярхоўны суд пакінуў без змены прыгаворы фігурантам справы, а іх апеляцыйныя скаргі і скаргі іх абаронцаў — без задавальнення. 14 чэрвеня 2018 года стала вядома, што намеснік старшыні Вярхоўнага суда прыпыніў выкананне смяротных прыгавораў Ігару Гершанкову і Сямёну Беражному на час разгляду іх наглядных скаргаў.

Пакаранне Беражнога — трэці выпадак выканання смяротнага прысуду з пачатку года. Раней былі пакараныя неаднаразова судзімы жыхар Нароўлі Аляксей Міхаленя, які здзейсніў у сакавіку 2016 года забойства суседзяў-пенсіянераў, і Віктар Лётаў — у 2017 годзе ён быў прызнаны вінаватым у забойстве сукамерніка ў папраўчай калоніі ў Глыбокім.

Паводле звестак праваабаронцаў, зараз у камеры смяротнікаў знаходзяцца: фігурант справы "чорных рыэлтараў" магіляўчанін Ігар Гершанкоў, а таксама прызнаныя вінаватымі ў забойстве трох чалавек Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка.

Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, якая прымяняе смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў у краіне было расстраляна больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання. Толькі адзін з асуджаных памілаваны прэзідэнтам.

9 лютага ў інтэрв`ю газеце "Советская Белоруссия" старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала заявіў: да таго часу, пакуль смяротнае пакаранне застаецца ў нацыянальным заканадаўстве, суддзі абавязаныя яго прымяняць. "Вярхоўны суд нават прапаноўвае суддзям устрымлівацца ад удзелу ў дыскусіях на гэтую тэму. Таму што калі суддзя пачне сумнявацца, ці трэба яму прытрымлівацца заканадаўства, то нічога добрага з гэтага не выйдзе. Мы прымяняльнікі закона і не можам дазволіць сабе засумнявацца ў ім. Інакш перастанем выконваць свае абавязкі", — сказаў Сукала.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239