Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/28/982919_778899/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 13:53
28.11.2018 13:25 Эканоміка, Грамадства

"Белнафтахім": Цэны на паліва будуць змяняцца паэтапна

Мінск, 28 лістапада. Цэны на паліва ў Беларусі будуць змяняцца паэтапна, паведаміў намеснік старшыні канцэрна "Белнафтахім" Уладзімір Сізоў, адказваючы на пытанні БелаПАН у кулуарах міжнароднага навукова-тэхнічнага форуму "Нафтахімія-2018" 28 лістапада ў Мінску.
"Стратэгія змены цэн на паліва у 2019 годзе вызначаная. Выбраная паэтапная змена цэн", — сказаў Сізоў.

22 лістапада "Белнафтахім" ініцыяваў апытанне для высвятлення меркавання грамадскасці аб пераважнай дынаміцы змены цэн на паліва.

"Вынікі галасавання неадназначныя. Галасы пароўну падзяліліся: адны ўдзельнікі галасавання выступілі за адначасовую змену цаны, а іншыя — за эвалюцыйную. Мы вызначылі, што цэны будуць змяняцца паэтапна", — падкрэсліў Сізоў.

Пры гэтым ён адзначыў, што "Белнафтахім" пастаянна адсочвае фактары, якія ўплываюць на змену цэн на нафту. "Мы сочым за сітуацыяй са зменай абменнага курсу. Таксама робіць уплыў на эканоміку нафтапрадуктаў падатковы складнік. Зыходзячы з гэтых фактараў будуць змяняцца цэны на паліва", — паведаміў Сізоў.

Варта адзначыць, што сёлета цэны на паліва змяняліся 25 разоў. Апошні раз яны былі павышаныя на адну капейку 25 лістапада.

Як раней паведаміў "Белнафтахім", змена цэн на нафтапрадукты працягваецца з мэтай кампенсацыі выдаткаў НПЗ па набыцці вуглевадароднай сыравіны.

"За 20 дзён лістапада 2018 года сярэдняя цана на нафту склала 68 долараў ЗША за бараль. У цэлым за студзень—лістапад 2018 года ў адносінах да аналагічнага перыяду мінулага года рост сярэдняй цаны нафты для беларускіх НПЗ у доларавым эквіваленце склаў прыблізна 33%, у рублёвым — прыкладна 40%. Цэны на маторнае паліва з пачатку гэтага года былі павялічаныя на 18%", — канстатаваў у лістападаўскім паведамленні канцэрн.

Такім чынам, адзначылі ў "Белнафтахіме", для айчынных нафтаперапрацоўчых заводаў захоўваецца апераджальны рост цэн на нафту ў параўнанні з цэнамі на нафтапрадукты на ўнутраным рынку.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239