Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/28/982920_12345/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 21:20
28.11.2018 13:44 Грамадства

Пакараны смерцю другі асуджаны па справе "чорных рыэлтараў"

Мінск, 28 лістапада. У Беларусі пакараны смерцю другі асуджаны па справе "чорных рыэлтараў" — Ігар Гершанкоў, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Днём 28 лістапада ў Магілёўскім абласным судзе маці Гершанкова атрымала пацвярджэнне аб прывядзенні прысуду ў выкананне.

Напярэдадні стала вядома пра расстрэл іншага асуджанага па гэтай справе — Сямёна Беражнога.

Дакладная дата абедзвюх пакаранняў смерцю невядомая.

21 ліпеня 2017 года Магілёўскі абласны суд прызнаў фігурантаў справы "чорных рыэлтараў" Сямёна Беражнога, а таксама мужа і жонку Ігара і Таццяну Гершанковых вінаватымі ва ўчыненні забойстваў і падрыхтоўцы да забойстваў, выкраданні чалавека і падрыхтоўцы да выкрадання, а таксама ў махлярстве, разбоі, вымаганні, крадзяжы або знішчэнні дакументаў. Гершанковы таксама прызнаныя вінаватымі ў незаконным абароце наркотыкаў або псіхатропных рэчываў (захоўванне без мэты збыту). Чацвёрты фігурант справы Барыс Калеснікаў быў абвінавачаны ў разбоі, дапамаганні пры здзяйсненні забойства і пры выкраданні чалавека. Беражнога і Гершанкова аблсуд прыгаварыў да смяротнай кары, Таццяну Гершанкову — да 24 гадоў пазбаўлення волі, Калеснікава — да 22 гадоў і аднаго месяца зняволення.

20 снежня 2017 года Вярхоўны суд пакінуў без змены прыгаворы фігурантам справы, а іх апеляцыйныя скаргі і скаргі іх абаронцаў — без задавальнення. 14 чэрвеня 2018 года стала вядома, што намеснік старшыні Вярхоўнага суда прыпыніў выкананне смяротных прысудаў Ігару Гершанкову і Сямёну Беражному на час разгляду іх наглядных скаргаў.

У гэтым годзе Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў індывідуальны зварот Беражнога і накіраваў Беларусі запыт аб прыняцці часовых мер да вынясення Камітэтам канчатковага рашэння. Праваабаронцы спадзяваліся, што Беларусь прыме рашэнне аб прыпыненні выканання прысуду да разгляду звароту, але беларускія ўлады не адрэагавалі на запыт КПЧ ААН. Аналагічны зварот быў зарэгістраваны КПЧ ААН і ў дачыненні да Ігара Гершанкова.

Пакаранне Гершанкова — чацвёрты выпадак выканання смяротнага прысуду з пачатку года. Акрамя фігурантаў справы "чорных рыэлтараў" раней былі пакараныя неаднаразова судзімы жыхар Нароўлі Аляксей Міхаленя, які ўчыніў у сакавіку 2016 года забойства суседзяў-пенсіянераў, і Віктар Лётаў — у 2017 годзе ён быў прызнаны вінаватым у забойстве сукамерніка ў папраўчай калоніі ў Глыбокім.

Паводле звестак праваабаронцаў, цяпер у камеры смяротнікаў застаюцца прызнаныя вінаватымі ў забойстве трох чалавек Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка.

Беларусь з`яўляецца адзінай еўрапейскай краінай, якая ўжывае смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў у краіне было расстраляна больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання. Толькі адзін з асуджаных памілаваны прэзідэнтам.

9 лютага ў інтэрв`ю газеце "Советская Белоруссия" старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала заявіў: да таго часу, пакуль смяротнае пакаранне застаецца ў нацыянальным заканадаўстве, суддзі абавязаныя яго прымяняць. "Вярхоўны суд нават прапаноўвае суддзям устрымлівацца ад удзелу ў дыскусіях на гэтую тэму. Таму што калі суддзя пачне сумнявацца, ці трэба яму прытрымлівацца заканадаўства, то нічога добрага з гэтага не выйдзе. Мы прымяняльнікі закона і не можам дазволіць сабе засумнявацца ў ім. Інакш перастанем выконваць свае абавязкі", — сказаў Сукала.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239