Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/28/982955_12345/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2018 04:55
28.11.2018 15:25 Грамадства

Спынены крымінальны пераслед па "справе БелТА" рэдактара tut.by Ганны Ермачонак

Мінск, 28 лістапада. Спынены крымінальны пераслед па "справе БелТА" рэдактара інтэрнэт-партала tut.by Ганны Ермачонак.

Як паведамляе tut.by, 28 лістапада было задаволенае яе хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу на падставе арт. 86 Крымінальнага кодэкса (вызваленне ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем асобы да адміністрацыйнай адказнасці).

Ермачонак заплаціла адміністрацыйны штраф у 30 базавых велічынь (735 рублёў). Зараз па "справе БелТА" яна праходзіць як сведка. Падпіска аб нявыездзе адмененая, забарона на выезд з краіны знятая.

Раней па аналагічных падставах быў спынены крымінальны пераслед яшчэ 12 фігурантаў справы. Як і Ермачонак, усе яны пагасілі ўрон (ад 3.000 да 17.000 рублёў) і заплацілі адміністрацыйныя штрафы ў 30 базавых велічынь.

Абвінавачанымі па "справе БелТА" застаюцца галоўныя рэдактары БелаПАН Ірына Леўшына і tut.by Марына Золатава. Леўшына абвінавачваецца па ч. 2 арт. 349 КК (несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі), як і астатнія фігуранты справы. Золатаву абвінавачваюць па ч. 2 арт. 425 КК (бяздзейнасць службовай асобы). Санкцыі па гэтым артыкуле прадугледжваюць ад штрафу да пяці гадоў пазбаўлення волі. Усяго па "справе БелТА" праходзілі 15 чалавек.

З 7 па 9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, партала tut.by і некаторых іншых СМІ, а таксама ў шэрагу іх супрацоўнікаў прайшлі вобшукі. Былі затрыманыя супрацоўнікі tut.by Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Таццяна Каравянкова і Ірына Леўшына, а таксама ўласны карэспандэнт "Нямецкай хвалі" Павел Быкоўскі і рэдактар інтэрнэт-сайта газеты "Белорусы и рынок" Аляксей Жукаў. Яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання.

Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН