Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/28/eu_982937_770022/
Дата раздрукоўкі: 04.06.2020 23:36
28.11.2018 14:25 Эканоміка, Беларусь — Еўрасаюз

Беларусь і Арменія выканаюць чатыры сумесныя навуковыя праекты ў межах праграмы Еўрасаюза "Гарызонт 2020"

Мінск, 28 лістапада. Беларускія і армянскія навукоўцы ў межах праграмы Еўрапейскага саюза па навуцы і інавацыях "Гарызонт 2020" выканаюць чатыры сумесныя праекты ў сферы эканомікі, навукі і адукацыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (ІКТ), паведаміў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін на пасяджэнні сумеснай беларуска-армянскай камісіі па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве 28 лістапада ў Мінску.

Згодна з яго словамі, двухбаковае навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва актыўна развіваецца па лініі Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў і ў рамках беларуска-армянскага конкурсу навукова-тэхнічных праектаў, паведамляе прэс-служба ДКНТ.

Так, паводле вынікаў сумеснага конкурсу ў выканаўчую праграму беларуска-армянскага навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва на 2019—2020 гады ўключаныя чатыры праекты ў галіне нанатэхналогій, біяфізікі і клетачнай інжынерыі, экалогіі. "Гэта глабальныя, сур'ёзныя праекты, якія вельмі актуальныя ў плане навукова-тэхнічнага прагрэсу. Плануецца распрацаваць гібрыдныя суперкандэнсатары, функцыянальныя нанаструктураваныя золь-гель-плёнкі для прымянення ў сонечных элементах", — падкрэсліў Шумілін.

У сваю чаргу старшыня камітэта па навуцы Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Арменія Самвел Аруцюнян паведаміў, што зараз у Арменіі рэалізуюць больш за 100 навукова-тэхнічных праектаў з Беларуссю, ЗША, Італіяй, Кітаем і іншымі краінамі. "Беларусь — асноўны наш партнёр, з якім мы плённа працуем і ўзаемадзейнічаем у навукова-тэхнічнай сферы. Гэтыя кантакты мы і далей будзем развіваць і ўмацоўваць", — сказаў ён.

Падчас пасяджэння бакі абмеркавалі таксама пытанні актывізацыі навукова-тэхнічнага і інавацыйнага ўзаемадзеяння, перспектывы рэалізацыі сумесных высокатэхналагічных праектаў па напрамках, якія ўяўляюць узаемную цікавасць, у тым ліку ў сферы ІКТ, новых матэрыялаў, прамысловых і лазерных тэхналогій, медыцыны і фармацыі.

Візіт армянскай дэлегацыі ў Мінск доўжыцца да 1 снежня. Праграмай знаходжання запланаванае наведванне Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, тэхналагічных паркаў, удзел у 23-м пасяджэнні Міждзяржаўнага савета па супрацоўніцтве ў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239