Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/29/983113_12345/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2018 03:56
29.11.2018 16:10 Палітыка, Эканоміка

Джэніфер Мур: Зняццю санкцый будзе спрыяць прагрэс у сферы дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі

Мінск, 29 лістапада. Злучаныя Штаты Амерыкі могуць разгледзець пытанне адмены санкцый супраць беларускіх прадпрыемстваў, калі Беларусь працягне пазітыўныя крокі па паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека. Пра гэта ў інтэрв'ю БелаПАН заявіла павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфер Мур.
"Я б хацела падкрэсліць, што ЗША па-ранейшаму адданыя абароне чалавечай годнасці і выкананню асноватворных дэмакратычных прынцыпаў. Прагрэс у гэтых пытаннях створыць прастору для паляпшэння двухбаковых адносінаў, асабліва ў эканамічнай сферы прымяняльна да санкцый", — сказала яна.

Мур нагадала, што 24 кастрычніка ЗША зноў працягнулі рэжым прыпынення санкцый у дачыненні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў, але ў гэты раз на 12 месяцаў, а не на шэсць, як было раней. "Пры прыняцці гэтага рашэння мой урад улічваў многія фактары, у тым ліку паляпшэнне сітуацыі з правам на свабоду сходаў. Напрыклад, дазвол правесці 25 сакавіка мерапрыемства з нагоды 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі", — сказала дыпламат.

Адышоўшы ад тэмы санкцый, дыпламат прывяла прыклад удзелу грамадскасці краіны ва ўвекавечанні гістарычных падзей. Яна адзначыла, што ў пачатку лістапада разам з кіраўнікамі іншых дыпламатычных місій наведала Курапаты. "Я была рада ўбачыць, што ўлады ўзводзяць там помнік, які не заменіць, а дапоўніць існуючы мемарыял, створаны беларускім народам за трыццаць гадоў, у тым ліку пры ўдзеле майго ўрада, у прыватнасці прэзідэнта Біла Клінтана", — сказала Мур.

Пры гэтым яна падкрэсліла: "Мы ўважліва сочым за развіццём падзей у Беларусі і працягваем заклікаць беларускі ўрад да захавання сваіх міжнародных абавязацельстваў па забеспячэнні асноўных свабод і правоў чалавека, у тым ліку свабоды выказвання і свабоды прэсы. Тут я мушу адзначыць, што мы ўважліва сочым за расследаваннем крымінальнай справы ў дачыненні да журналістаў tut.by, БелаПАН, Deutsche Welle і іншых СМІ (інтэрв'ю адбылося яшчэ да таго, як быў спынены крымінальны пераслед большасці журналістаў па "справе БелТА". — БелаПАН.). Мы спадзяемся, што суб'екты гаспадарання змогуць урэгуляваць спрэчныя пытанні без якіх-небудзь несувымерных і неадэкватных крымінальных санкцый".

Дыпламат таксама адзначыла, што ЗША і Беларусь штогод праводзяць дыялогі па правах чалавека. Пяты раўнд такога дыялогу адбыўся 12 кастрычніка ў Мінску. Паводле слоў Мур, гэтая сустрэча была важная тым, што ў ёй акрамя прадстаўнікоў МЗС беларускі бок прадстаўлялі супрацоўнікі Следчага камітэта, Цэнтрвыбаркама, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства юстыцыі і парламента.

"Гэта дазволіла нам з большай яснасцю абмеркаваць тыя праблемы, якія выклікаюць заклапочанасць Злучаных Штатаў. Напрыклад, пытанне рэгістрацыі палітычных партый, — сказала Мур. — Я лічу, што гэтая сустрэча была больш эфектыўная, чым у папярэднія гады, бо ў нас была магчымасць наўпрост узаемадзейнічаць з канкрэтнымі ведамствамі, а не толькі з прадстаўнікамі МЗС. Дыпламаты могуць не быць экспертамі ў пытаннях, якія абмяркоўваюцца".

Яна таксама адзначыла, што беларускія чыноўнікі сталі больш адкрытымі. "Па выніках сустрэчы ў пасольства з'явілася мноства кантактаў з ліку прадстаўнікоў гэтых міністэрстваў і ведамстваў, якія гатовыя працягваць камунікацыю. І для нас гэта прыкметнае паляпшэнне ў параўнанні з тым, што колькі год таму толькі некалькі чыноўнікаў былі гатовыя абмяркоўваць з намі нейкія пытанні", — сказала Мур.

На яе думку, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі паляпшаецца павольна. "Мы бачым некаторыя паляпшэнні, як я сказала, па пытанні свабоды сходаў і бачым гатоўнасць абмяркоўваць праблемы. Гэта прагрэс. І крок па кроку, я спадзяюся, рух у гэтым кірунку працягнецца", — адзначыла дыпламат.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН