Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/29/983167_123456/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2018 05:03
29.11.2018 19:09 Палітыка, Грамадства

Спынены крымінальны пераслед па "справе БелТА" галоўнага рэдактара БелаПАН Ірыны Леўшынай

Мінск, 29 лістапада. Спынены крымінальны пераслед па "справе БелТА" галоўнага рэдактара БелаПАН Ірыны Леўшынай.
29 лістапада было задаволенае яе хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу на падставе арт. 86 Крымінальнага кодэкса (вызваленне ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем асобы да адміністрацыйнай адказнасці).

Леўшына заплаціла адміністрацыйны штраф у 30 базавых велічынь (735 рублёў). Зараз па "справе БелТА" яна праходзіць як сведка. Падпіска аб нявыездзе адмененая, забарона на выезд з краіны знятая.

Акрамя гэтага, Леўшынай вярнулі цвёрдыя дыскі камп`ютараў, канфіскаваныя ў жніўні пры вобысках у яе дома і ў рэдакцыі БелаПАН.

Раней Леўшына пагасіла выстаўлены ўрон больш за 12 тысяч рублёў. На аналагічных падставах быў спынены крымінальны пераслед яшчэ 13 фігурантаў справы. Як і Леўшына, усе яны пагасілі ўрон (ад 3.000 да 17.000 рублёў) і заплацілі адміністрацыйныя штрафы ў 30 базавых велічынь.

На гэты момант адзінай абвінавачанай па "справе БелТА" застаецца галоўны рэдактар партала tut.by Марына Золатава. Ёй выстаўленае абвінавачанне па ч. 2 арт. 425 КК (бяздзейнасць службовай асобы). Санкцыі гэтага артыкула прадугледжваюць ад штрафу да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Усяго па "справе БелТА" праходзілі 15 чалавек, з іх 14 абвінавачваліся на падставе ч. 2 арт. 349 (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі).

З 7 па 9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, партала tut.by і некаторых іншых СМІ, а таксама ў шэрагу іх супрацоўнікаў прайшлі вобыскі. Былі затрыманыя супрацоўнікі tut.by Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, аглядальнік інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Таццяна Каравянкова і галоўны рэдактар агенцтва Ірына Леўшына, а таксама ўласны карэспандэнт "Нямецкай хвалі" Паўлюк Быкоўскі і рэдактар сайта газеты "Белорусы и рынок" Аляксей Жукаў. Яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання.

Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН