Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/30/983310/
Дата раздрукоўкі: 02.10.2020 02:04
30.11.2018 17:19 Грамадства

Каталіцкі епіскапат Беларусі спадзяецца на рост колькасці ўдзельнікаў урачыстасцяў у Будславе пасля ўключэння Будслаўскага фэсту ў спіс ЮНЕСКА

Мінск, 30 лістапада. Старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч спадзяецца на рост колькасці ўдзельнікаў штогадовых набажэнстваў у Будславе пасля таго, як Будслаўскі фэст уключылі ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Такім чынам каталіцкі іерарх пракаментаваў афіцыйнаму парталу Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі факт прызнання ЮНЕСКА вядомага беларускага рэлігійнага свята.

"Мы чакалі гэтай падзеі з надзеяй, — адзначыў мітрапаліт Кандрусевіч. — Напярэдадні Адвэнту, часу надзеі, наша надзея рэалізавалася. Я з вялікай радасцю ўспрыняў гэтую вестку, я чакаў яе, бо ўжо не першы год мы падаём заяўку на ўключэнне Будслаўскага фэсту ў спіс нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва, які складае ЮНЕСКА".

"Ён так развіўся і ўвайшоў у гісторыю [касцёла ў Беларусі], што гэта становіцца агульнабеларускім і нават дзяржаўным святам. Таму гісторыя прызнання будслаўскага фэсту і ўнясенне яго ў спіс ЮНЕСКА — гэта добры прыклад супрацоўніцтва касцёла з дзяржавай. <…> Трэба падзякаваць Міністэрству культуры, Міністэрству замежных спраў, а таксама аддзелу па справах супрацоўніцтва з ЮНЕСКА. Гэта сумесная праца — у адзіночку касцёлу гэта не ўдалося б", — дадаў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату.

Прызнанне ўрачыстасцяў у Будславе на ўзроўні ЮНЕСКА, на яго думку, робіць добрую рэкламу беларускаму касцёлу. Арцыбіскуп паведаміў, што пра падзею напісалі вядучыя агенцтвы свету, а сам ён ўжо атрымаў віншаванні з многіх краін свету, прадстаўнікі якіх даведаліся і пра фэст, і пра касцёл у Беларусі.

Кандрусевіч лічыць, што на базыліцы Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў гэтым мястэчку варта зрабіць адмысловую шыльду з пазнакаў, што ўрачыстасці, якія тут адбываюцца, належаць да нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва.

"Спадзяюся, прызнанне ЮНЕСКА дасць новы імпульс вернікам, каб прымаць удзел у набажэнствах у Будславе. Таксама гэта развіццё культу Марыі. Людзі здаўна маліліся на тым месцы, дзе аб’явілася Марыя <...> Вера ў дапамогу Марыі як нашай духоўнай Маці дапамагала людзям. Трэба дзякаваць Богу за такое прызнанне", — падсумаваў мітрапаліт Кандрусевіч.

28 лістапада Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА на 13-й сесіі (Порт-Луі, Маўрыкій) аднагалосна прыняў рашэнне аб уключэнні беларускага элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны "Урачыстасць у гонар шанавання іконы Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)" у рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

У 2009 годзе ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ўжо быў уключаны беларускі элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны — святочны калядны абрад "Калядныя цары" ў вёсцы Семежава (Капыльскі раён, Мінская вобласць).

У 2018 годзе Беларусь накіравала на разгляд камітэта ЮНЕСКА прапанову аб уключэнні вясновага абраду "Юраўскі карагод" у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Рашэнне па гэтым пытанні будзе прынята камітэтам падчас яго 14-й сесіі ў снежні 2019 года.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239