Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/30/983355_12345/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2018 05:23
30.11.2018 17:10 Грамадства, Палітыка

Галоўнаму рэдактару tut.by Марыне Золатавай адмовілі ў спаненні крымінальнага пераследу

Мінск, 30 лістапада. Галоўнаму рэдактару tut.by Марыне Золатавай адмовілі ў спыненні крымінальнага пераследу па "справе БелТА".
Як паведамляе партал, раней Золатава падала хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу паводле арт. 86 Крымінальнага кодэкса. Аднак у гэтым ёй было адмоўлена. Аб такім рашэнні ёй паведаміў 30 лістапада кіраўнік следчай групы Аляксандр Сяменік.

Марына Золатава застаецца апошняй абвінавачванай па "справе БелТА". Ёй выстаўленае  абвінавачанне па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (бяздзейнасць службовай асобы), санкцыя артыкула — ад штрафу да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Астатнія 14 журналістаў і рэдактараў розных СМІ, якія ў межах "справы БелТА" абвінавачваліся ў несанкцыянаваным доступе да камп`ютарнай інфармацыі (ч. 2 арт. 349 КК), раней былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў у памеры 30 базавых велічынь (735 рублёў) кожнаму, журналісты кампенсавалі прад`яўленую шкоду. Сумы — ад 3 тысяч да 17 тысяч рублёў.

З 7 па 9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, партала tut.by і некаторых іншых СМІ, а таксама ў шэрагу іх супрацоўнікаў прайшлі вобшукі. Былі затрыманыя супрацоўнікі tut.by Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, аглядальнік інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Таццяна Каравянкова і галоўны рэдактар агенцтва Ірына Леўшына, а таксама ўласны карэспандэнт "Нямецкай хвалі" Паўлюк Быкоўскі і рэдактар сайта газеты "Белорусы и рынок" Аляксей Жукаў. Яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання.

Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН