Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/11/30/983377_123456/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2018 04:15
30.11.2018 18:17 Палітыка, Грамадства

Юрый Зісер: Апраўдаць Золатаву наша судовая сістэма не адважыцца, а іншы прыгавор зноў зробіць з краіны ізгоя

Мінск, 30 лістапада. "Вырашылі яшчэ месяц памучыць Марыну ў невядомасці", — так адрэагаваў заснавальнік партала tut.by Юрый Зісер на рашэнне Следчага камітэта адмовіць галоўнаму рэдактару Марыне Золатавай ў спыненні крымінальнага пераследу па "справе БелТА".

"Таму што дапускаць да суда дзяржаве ніяк нельга: доказная база па яе крымінальнай справе настолькі слабая, што ў любым судзе рассыплецца, нават у нашым. Але апраўдаць Марыну наша судовая сістэма не адважыцца, а іншы прыгавор верне Рэспубліку Беларусь у 2000-я, у сітуацыю краіны-ізгоя, нанёсшы ўсёй краіне сур`ёзны палітычны і эканамічны ўрон", — напісаў Зісер на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы "Фэйсбук".

"Цікава, як паступяць ўлады, калі Марына праз месяц перадумае паўторна падаваць вызваленне ад крымінальнай адказнасці і вырашыць пайсці ў суд?" — задаў пытанне медыябізнесмэн.

Раней Золатава падала хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу паводле арт. 86 Крымінальнага кодэкса. Аднак у гэтым ёй было адмоўлена. Аб такім рашэнні ёй паведаміў 30 лістапада кіраўнік следчай групы Аляксандр Семянік. У "Фэйсбуку" галоўрэд партала адрэагавала на гэта адным словам "адмовілі" і трыма "панурымі" смайлікамі.

Золатава застаецца апошняй абвінавачанай па "справе БелТА". Ёй прад`яўлена абвінавачанне па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (бяздзейнасць службовай асобы), санкцыя артыкула — ад штрафу да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Астатнія 14 журналістаў і рэдактараў розных СМІ, якія ў рамках "справы БелТА" абвінавачваліся ў несанкцыянаваным доступе да камп`ютарнай інфармацыі (ч. 2 арт. 349 КК), раней былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў у памеры 30 базавых велічынь (735 рублёў) кожнаму, журналісты пакрылі прад`яўлены ўрон. Сумы — ад 3 тысяч да 17 тысяч рублёў.

З 7 па 9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, партала tut.by і некаторых іншых СМІ, а таксама ў шэрагу іх супрацоўнікаў прайшлі вобшукі. Былі затрыманыя супрацоўнікі tut.by Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, аглядальнік інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Таццяна Каравянкова і галоўны рэдактар агенцтва Ірына Леўшына, а таксама ўласны карэспандэнт "Нямецкай хвалі" Паўлюк Быкоўскі і рэдактар сайта газеты "Беларусы і рынак" Аляксей Жукаў. Яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання.

Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН