Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/03/983531_983532/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2019 06:25
03.12.2018 12:33 Эканоміка, Фінансы

Лукашэнка — ураду: Грошы трэба лічыць

Мінск, 3 снежня. Шляхі павышэння эфектыўнасці працы дзяржаўных прадпрыемстваў і пытанні аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый абмяркоўваюцца 3 снежня на нарадзе, якую Аляксандр Лукашэнка праводзіць з кіраўнікамі Савета міністраў.
"У сакавіку на справаздачы ўрада я адзначаў, што самая важная задача — забяспечыць узгодненасць і паслядоўнасць дзеянняў. Перш за ўсё ўнутры ўрада, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — Калі на словах выступаць за стварэнне камфортнага бізнес-асяроддзя і дэклараваць павышэнне інвестыцый у чалавечы капітал, але знарок дараваць мільярды рублёў безгаспадарнасці, то мэтаў у гэтай пяцігодцы мы, напэўна, не даб`емся. Грошы трэба лічыць".

Лукашэнка нагадаў, што стратэгічныя пытанні развіцця эканомікі Беларусі і праблемныя пытанні былі абмеркаваныя ў шырокім складзе тыдзень таму. Разам з тым пастаянна ўзнікаюць канкрэтныя пытанні, якія неабходна аператыўна разглядаць. "На такія нарады з урадам я выношу пытанні, якія маюць патрэбу ў дадатковай інфармацыі. Нарматыўныя прававыя акты, у якія аформлены гэтыя пытанні, не простыя. У мяне ёсць шэраг пытанняў да іх", — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, нарады такога фармату з Адміністрацыяй прэзідэнта, урадам і дзяржаўным сакратарыятам Савета бяспекі праводзяцца рэгулярна па меры неабходнасці, каб усе ўдзельнікі маглі наўпрост і без апаратнага фільтра далажыць сваю пазіцыю кіраўніку дзяржавы. "Але я менш за ўсё хацеў бы, каб такія нарады ператвараліся ў спробы нешта вырашыць у абыход устаноўленых правілаў, якія ўжо ўстаяліся. Сістэму ламаць не трэба", — заявіў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што адной з тэм цяперашняй нарады павінны былі стаць чарговыя запыты аб дзяржаўнай падтрымцы на паўмільярда рублёў арганізацыям, якія абслугоўваюць АПК. "На жаль, урад наўмысна абышоў гэту тэму падчас абмеркавання праекта бюджэту на 2019 год, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Калі і з`явіцца неабходнасць некага падтрымаць, то ў маі я ўстанавіў дакладны парадак. Спачатку дакладзяце, што зроблена ўсё магчымае і немагчымае: адшукалі рэзервы, знізілі ўсе віды затрат, асабліва невытворчых, прозвішчы ўстанавілі тых, хто і як давёў прадпрыемства да такога стану, што яму даводзіцца з працягнутай рукой хадзіць".

Самым галоўным пры вырашэнні пытання аб выдзяленні такой падтрымкі Лукашэнка назваў наяўнасць кадраў, якія здольныя правільна распарадзіцца адпаведнымі сродкамі. "Адміністрацыя прэзідэнта неаднаразова даводзіла такія крытэрыі да ўрада, і парадак павінен быць непарушным", — нагадаў ён.

Ад кожнага дакладчыка Лукашэнка "запатрабаваў не проста праінфармаваць па сваім пытанні, а перш за ўсё прапанаваць вырашэнне сістэмных праблем, з-за якіх паўстала бягучае абмеркаванне", адзначае прэс-служба.

Ён, у прыватнасці, адзначыў, што прапаноўваецца замацаваць вышэйшых службовых асоб у якасці прадстаўнікоў дзяржавы ў наглядальных саветах. "Прэм`ер у сваім лісце, абапіраючыся на асабісты вопыт, даказвае: калі выбудаваць сістэму кіравання, то гэта дасць магчымасць прадпрыемству вярнуць укладзеныя ў яго сродкі, — сказаў Лукашэнка. — У чыноўніка і бізнесмена пры гэтым два прынцыпова розныя разуменні функцыянавання прадпрыемстваў. Да таго ж я сумняваюся, што тыя, хто будзе замацаваны за гэтымі прадпрыемствамі, будуць добрымі памочнікамі кіраўніка. Калі глыбей паглядзець, то гэта не проста памочнікі — гэта людзі, якія будуць як мінімум удзельнічаць у прыняцці рашэнняў, а то і прымаць іх. Давайце абмяркуем гэта пытанне і прымем рашэнне".

Кіраўнік дзяржавы паставіў канкрэтныя пытанні па працы некаторых прадпрыемстваў, у ліку якіх дражджавы камбінат у Слуцкім раёне. "З аднаго боку, вы ўнеслі праект выключна тэхнічнага рашэння аб павелічэнні статутнага фонду гэтага прадпрыемства. А з іншага — пасля вывучэння дакументаў у мяне ўзнікла пытанне: ці не спроба гэта сысці ад вырашэння праблемы. У прадпрыемства рэнтабельнасць продажу мінус 112%. Я не ведаю , як з такімі паказчыкамі можна наогул працаваць", — адзначыў Лукашэнка.

Ён таксама закрануў перспектывы ААТ "Сукно": "Калі толькі ўрад бачыць вырашэнне гэтага пытання ў тым, каб выдзеліць з бюджэту 92 млн еўра. Паслухаем, ці прапрацоўваліся іншыя варыянты. І ці адзіны гэта шлях для таго, каб аднавіць (некалі ўзроўню Савецкага Саюза ) працу прадпрыемства".

Лукашэнка папрасіў далажыць таксама аб сітуацыі ў ААТ "Камволь" — як арганізавана там праца, што зроблена і што не зроблена за апошні час, паведамляе прэс-служба.

Акрамя таго, на нарадзе абмяркоўваецца пытанне аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый. "Урад прапаноўвае досыць сур`ёзныя навіны. Паўсюдна ўніфікаваць, упарадкаваць, спрасціць, — адзначыў Лукашэнка. — Любыя змены, якія прынясуць карысць, заўсёды будуць падтрыманы. Але трэба памятаць, што такіх (работнікаў бюджэтнай сферы. — БелаПАН.) у нас 850 тысяч беларускіх грамадзян. І ніхто, акрамя дзяржавы, пра іх не паклапоціцца і не абароніць".

На нарадзе таксама абмяркоўваюць праект указа "Аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні". Лукашэнка адзначыў, што любыя змены ў сферы сацыяльнага забеспячэння павінны быць старанна прадуманы. "Але трэба мець на ўвазе, што за шэсць гадоў дэфіцыт фонду сацыяльнай абароны насельніцтва вырас у 9 разоў. І недахоп сродкаў у фондзе стабільна прыкладна 10%", — сказаў ён.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН