Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/04/983739_896543/
Дата раздрукоўкі: 13.12.2019 14:49
04.12.2018 16:57 Палітыка

Паводле просьбы Арменіі адменены запланаваны на 6 снежня саміт АДКБ

Мінск, 4 снежня. Саміт АДКБ, які планаваўся 6 снежня ў Санкт-Пецярбургу, адменены паводле просьбы Арменіі, паведамляе ТАСС са спасылкай на памочніка прэзідэнта Расіі Юрыя Ушакова.

"З улікам, у прыватнасці, просьбы армянскага боку, які, спасылаючыся на перадвыбарную кампанію, што завяршаецца выбарамі 9 снежня, вырашылі пасяджэнне АДКБ не праводзіць", — растлумачыў Ушакоў. Такім чынам, дадаў ён, выконваць абавязкі генеральнага сакратара АДКБ застаецца Валерый Семерыкоў.

Гаворачы аб кандыдатуры новага генеральнага сакратара, Ушакоў адзначыў, што "ёсць некалькі варыянтаў". Памочнік прэзідэнта таксама паведаміў, што да канца года саміт АДКБ наўрад ці адбудзецца.

На сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу планавалася прызначыць новага генеральнага сакратара АДКБ. У лістападзе прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў выказаў меркаванне, што наступным кіраўніком АДКБ павінен стаць прадстаўнік Беларусі. Ён нагадаў, што ранейшы кіраўнік арганізацыі Юрый Хачатураў, які прадстаўляў армянскі бок, быў адкліканы, а згодна са статутам АДКБ "наступнай пасля Арменіі ідзе Беларусь".

Хачатурава адклікалі ў сувязі з тым, што 26 ліпеня яму было выстаўленае абвінавачанне ў звяржэнні канстытуцыйнага ладу па факце яго дзеянняў на пасадзе камандуючага часцямі Ерэванскага гарнізона ў сакавіку 2008 года, калі былі задушаныя выступленні апазіцыі, якая абвінаваціла ўлады ў падтасоўцы вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

3 снежня выканаўца абавязкаў прэм'ер-міністра Арменіі Нікол Пашынян паведаміў, што пытанне аб прызначэнні новага генеральнага сакратара АДКБ не будзе абмяркоўвацца на саміце. "У нас такая сітуацыя, што няма кансэнсусу ў гэтым пытанні", — сказаў ён.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН