Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/04/983748_12345/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2019 06:26
04.12.2018 17:30 Палітыка, Эканоміка

Кіраўнікі дзяржаў ЕАЭС 6 снежня абмяркуюць фарміраванне агульных рынкаў нафты і газу, а таксама размеркаванне пошлін

Мінск, 4 снежня. Узгодненая палітыка па рэгуляванні інтэрнэт-рынкаў, развіццё сеткавых тэхналогій, фарміраванне агульных рынкаў нафты, газу і нафтапрадуктаў будуць абмяркоўвацца 6 снежня ў Санкт-Пецярбургу на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якое пройдзе пад старшынствам прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Пра гэта паведаміў журналістам у Маскве памочнік кіраўніка расійскай дзяржавы Юрый Ушакоў.

"Лідары заслухаюць даклад старшыні калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі аб ходзе рэалізацыі плана дзеянняў у лічбавай сферы ЕўрАзЭС да 2025 года, які прадугледжвае ажыццяўленне краінамі ўзгодненай палітыкі ў галіне рэгулявання інтэрнэт-рынку і развіцця сеткавых тэхналогій. На разгляд кіраўнікоў дзяржаў — членаў ЕўрАзЭС будзе вынесеная падрыхтаваная Еўразійскай камісіяй праграма фарміравання да 2025 года агульных рынкаў нафты і газу", — прыводзіць словы Ушакова ТАСС.

Адзначаецца, што на пасяджэнні будзе абмеркаванае размеркаванне пошлін паміж краінамі — членамі ЕАЭС.

Будуць таксама абмяркоўвацца магчымасці далейшага развіцця інтэграцыйных працэсаў. Падрыхтаваны праект дэкларацыі аб паглыбленні інтэграцыі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, які, як паведаміў Ушакоў, прадугледжвае сумесныя дзеянні па стварэнні адзіных рынкаў тавараў і паслуг, развіцці гандлёва-інвестыцыйных сувязяў, умацаванні вытворчай і тэхналагічнай кааперацыі.

Памочнік Пуціна таксама адзначыў, што ў праекце дакумента ставіцца задача па збліжэнні валютна-фінансавай і грашова-крэдытнай палітыкі, выбудоўванні эфектыўных транспартна-лагістычных ланцужкоў, паглыбленні супрацоўніцтва ў сацыяльна-гуманітарнай і адукацыйнай сферах. У пасяджэнні возьмуць удзел прэзідэнты Расіі, Беларусі, Казахстана і Кыргызстана, а таксама выканаўца абавязкаў прэм`ер-міністра Арменіі.

Варта адзначыць, што на мінулым тыдні, 27 лістапада, на сустрэчы з кіраўнікамі ўрадаў дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь не падтрымлівае прапанову працягнуць тэрмін дзеяння нарматываў размеркавання сум увазных мытных пошлін у межах ЕАЭС.

"Прапанова ў чарговы раз працягнуць тэрміны дзейных нарматываў (мы аб гэтым часта кажам, справядліва адзначаем, зыходзячы ўжо з напрацаванага вопыту) абсалютна нявыгадная для Беларусі. Вядома, мы падтрымаць, як інфармуе мяне наш урад, не можам", — падкрэсліў Лукашэнка. Ён адзначыў, што ў адваротным выпадку Беларусь адразу будзе пастаўленая ў няроўныя ўмовы.

Падпісаны 11 красавіка 2017 года ў Маскве пратакол аб унясенні зменаў у пагадненне аб далучэнні Кыргызстана да Дамовы аб ЕАЭС вызначыў нарматывы размеркавання сум увазных мытных пошлін для кожнай дзяржавы — члена саюза: Арменія — 1,22%, Беларусь — 4,56%, Казахстан — 7,055%, Кыргызстан — 1,9%, Расія — 85,265%.

Пратакол, падпісаны 14 мая 2018 года ў Сочы, працягвае да 31 снежня 2019 года тэрмін прымянення дзейных нарматываў размеркавання сум увазных мытных пошлін.

У бюджэт Беларусі па выніках 2017 года паступіла 1 млрд 25 млн беларускіх рублёў у выніку размеркавання ўвазных мытных пошлін у межах ЕАЭС.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН