Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/04/983753_12345/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 15:34
04.12.2018 21:30 Эканоміка

Бізнес выступае за адмену або глыбокую мадэрнізацыю сістэмы маркіроўкі тавараў кантрольнымі знакамі

Мінск, 4 снежня. Бізнес выступае за адмену або глыбокую мадэрнізацыю сістэмы маркіроўкі тавараў кантрольнымі (ідэнтыфікацыйнымі) знакамі (КIЗ), паведамілі БелаПАН у прэс-службе бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага.

Ліст з аргументамі для даўно наспелай рэформы БСПН раней накіраваў першаму віцэ-прэм'еру Аляксандр Турчыну.

У звароце адзначалася, што непадатковыя выняткі летась склалі прыкладна 5,4 млрд рублёў, або ў сярэднім 5,9% дададзенага кошту па кожнай камерцыйнай арганізацыі. "Куды большымі апынуліся такія выняткі ў тых, хто маркіруе тавары кантрольнымі знакамі. Пры вытворчасці выдаткі на набыццё, маркіроўку і адміністраванне КІЗ у разліку на адзінку тавару складаюць да 8-9%, а пры імпарце, напрыклад, чаю — да 20% сабекошту. Зараз маркіроўка тычыцца 23 таварных груп. Кошт кантрольных знакаў дыферэнцыяваны Мінфінам (пастанова ад 05.02.2016 №3) і складае ад 1 капейкі да 2 рублёў", — гаварылася ў лісце.

Каб вывучыць меркаванне бізнесу, БСПН правёў анкетаванне кампаній, якія займаюцца вытворчасцю і рэалізацыяй абутку, чаю, кавы, сокаў, вады і безалкагольных напояў. Траціна апытаных заявілі, што сістэма маркіроўкі КІЗ "зусім не адпавядае пазначаным мэтам па забеспячэнні эканамічнай бяспекі і абароне інтарэсаў грамадзян". На думку 66,7% апытаных, маркіроўка толькі часткова выконвае ўскладзеныя на яе функцыі. Прычым 58,3% рэспандэнтаў звязваюць гэтую адпаведнасць з напаўненнем бюджэту, гэта значыць адзначаюць фіскальны характар марак.

"На наш погляд, негатыўная ацэнка дзейнай сістэмы маркіроўкі мае аб'ектыўны характар. Зацверджаны пастановай Саўміна ад 29.01.2011 №1030 пералік тавараў, якія падлягаюць маркіроўцы КІЗ, сфармаваны недастаткова абгрунтавана. На гэта паказалі 70% рэспандэнтаў. На думку большасці кампаній (66,6%), уключаныя ў пералік тавары не вызначаюць сітуацыю на спажывецкім рынку і іх доля ў рознічным тавараабароце нязначная", — адзначалася ў звароце.

Кошт КІЗ не абгрунтаваны і завышаны, лічаць 58,3% рэспандэнтаў. У 2017 годзе расходы арганізацый на набыццё кантрольных знакаў склалі 2,3 млн рублёў, на маркіроўку і адміністраванне — яшчэ каля 134 тыс, або 5,9% да выдаткаў на куплю КІЗ. Да названых выдаткаў варта дадаць выдаткі, звязаныя з набыццём і абслугоўваннем абсталявання.

Дадатковых укладанняў патрабуе забеспячэнне ўмоў захоўвання КІЗ. Большасць арганізацый не бачаць станоўчага эфекту ад дарагой працэдуры маркіроўкі тавараў. Толькі 8,3% апытаных мяркуюць, што маркіроўка дае магчымасць атрымаць маркетынгавую інфармацыю і спрыяе абароне айчынных вытворцаў тавараў.

"Аналіз праблемы дазваляе зрабіць выснову, што дзейная сістэма маркіроўкі тавараў састарэла, з'яўляецца залішняй, затратнай працэдурай і яе варта адмяніць альбо карэнным чынам мадэрнізаваць. Такога ж меркавання прытрымліваюцца і на прадпрыемствах: за карэнную мадэрнізацыю выказаліся 66,7% рэспандэнтаў, за адмену маркіроўкі тавараў — 75%", — адзначылі ў бізнес-саюзе.

БСПН прапаноўвае адыходзіць ад выкарыстання КІЗ паэтапна: для пачатку 1 студзеня 2019 скасаваць маркіроўку чаю, кавы, сокаў і вады. БСПН просіць Саўмін даручыць дзяржорганам (Мінэканомікі, МАРГ, Дзяржстандарту, МПЗ, МЗС і іншым зацікаўленым) падрыхтаваць прапановы па мадэрнізацыі дзейнай сістэмы маркіроўкі тавараў з улікам міжнароднага вопыту. У тым ліку сістэма маркіроўкі ў Беларусі павінна быць гарманізаваная як з Нацыянальнай сістэмай прасочвання тавараў, якая распрацоўваецца, так і з сістэмамі ідэнтыфікацыі асобных тавараў, а таксама маркіроўкі ў адпаведнасці з тэхнічнымі рэгламентамі і санітарнымі патрабаваннямі ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза.

Як вынікае з ліста ўрада ў адказ, многія ведамствы лічаць адмову ад КІЗ заўчаснай: кантрольныя знакі абараняюць рынак ад абароту няякаснай прадукцыі, перашкаджаюць росту шэрага імпарту, стымулююць да выплаты падаткаў і іншае. Прыводзіцца статыстыка па росце вытворчасці тавараў пасля ўвядзення маркіроўкі.

У лісце таксама адзначаецца, што ў пачатку сакавіка кіраўнікі ўрадаў краін ЕАЭС падпісалі пагадненне аб маркіроўцы тавараў. Унутрыдзяржаўныя працэдуры, неабходныя для ўваходжання пагаднення ў сілу, знаходзяцца на завяршальным этапе, так што яно можа пачаць дзейнічаць ужо сёлета. "Гэта павінна запусціць працэс змены правілаў маркіроўкі і ў Беларусі, аднак наўрад ці карэкціроўкі будуць звязаныя са скарачэннем сферы ўжывання КІЗ. Тым не менш БСПН наважаны працягнуць дыялог з уладай па гэтым пытанні ў інтарэсах беларускага бізнесу", — адзначыла прэс-служба.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН