Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/04/eu_983646_983647/
Дата раздрукоўкі: 16.04.2021 16:26
04.12.2018 11:12 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Бягун: Ёсць шанец да канца гэтага года завяршыць унутрыдзяржаўныя працэдуры па падрыхтоўцы пагадненняў з ЕС

фота: belarus24.by
Мінск, 4 снежня. Беларусь праводзіць унутрыдзяржаўныя працэдуры па падрыхтоўцы да падпісання з Еўрасаюзам пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, паведаміў журналістам 4 снежня начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун.
"Ёсць шанец, што да канца года мы правядзем унутрыдзяржаўныя працэдуры і атрымаем афіцыйна паўнамоцтвы на правядзенне перамоў і падпісанне пагадненняў у рамках дасягнутых дамоўленасцяў", — сказаў ён.

Паводле слоў Бягуна, пасля падпісання пагадненні пачнуць працаваць з моманту абмену нотамі або правядзення ўнутрыдзяржаўных працэдур па ратыфікацыі гэтых дакументаў.

Пры гэтым ён адзначыў, што ЕС не прывязвае тэрміны пачатку дзеяння пагадненняў да ўводу Беларуссю біяметрычных пашпартоў. "Думаю, што ЕС ні разу не можа выставіць нейкія прэтэнзіі ў дачыненні да якасці і абароны беларускіх дыпламатычных і службовых пашпартоў, якія цяпер выкарыстоўваюцца", — сказаў ён і нагадаў, што біяметрычныя пашпарты Беларусь плануе ўвесці 1 студзеня 2020 года.

Дыялог аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі афіцыйна вядзецца са студзеня 2014 года.У чэрвені 2018 года еўракамісар па еўрапейскай палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні ЕС Ёханес Хан падчас візіту ў Мінск заявіў, што перамоўны працэс паміж Беларуссю і Еўрасаюзам па пагадненні аб спрашчэнні візавых працэдур можна было б паскорыць.

"Мне не хацелася б каментаваць перамоўны працэс, — сказаў ён. — Я мяркую, калі ёсць добрая воля з абодвух бакоў, мы тады можам не прайсці, а прабегчы апошні кіламетр. Можна было б паскорыць гэты канчатковы працэс прыняцця рашэнняў".

Гаворачы аб планаваным павышэнні кошту шэнгенскіх віз да 80 еўра, Хан падкрэсліў, што ЕС і Еўракамісія не зацікаўленыя ў тым, каб "зрабіць візавыя пытанні крыніцай даходу". "Наша мэта — забяспечыць хуткую выдачу віз. Тут ёсць пэўныя ўмовы, але мы не маем намеру зарабляць на гэтым грошы", — сказаў ён.

30 ліпеня Еўрапейская камісія афіцыйна запрасіла Беларусь на пяты раўнд перамоў па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі. Пры гэтым еўрапейскі бок выказаў гатоўнасць завяршыць перамовы як мага хутчэй.

Раней паслы краін — членаў ЕС ухвалілі мандат Еўракамісіі на пачатак перамоў з Еўрапарламентам аб унясенні змяненняў у Візавы кодэкс. Сярод запланаваных змен — устаноўка перыяду падачы візавых заявак не пазней чым за 15 дзён да паездкі і павелічэнне консульскага збору з 60 да 80 еўра. Павелічэнне збору не закране тых краін, з якімі ў ЕС падпісаны пагадненні аб спрашчэнні візавых працэдур і для грамадзян якіх шэнгенскія візы каштуюць 35 еўра.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239