Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/04/eu_983781_12345/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 23:07
04.12.2018 20:06 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Дэлегацыя Беларусі ўзяла ўдзел у саміце кіраўнікоў урадаў дзяржаў ЦЕІ ў Заграбе

Мінск, 4 снежня. 3—4 снежня ў Заграбе (Харватыя) дэлегацыя Беларусі на чале з намеснікам міністра замежных спраў Алегам Краўчанкам узяла ўдзел у штогадовым саміце кіраўнікоў урадаў дзяржаў — членаў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы (ЦЕІ).

Як паведаміла прэс-служба МЗС, падчас выступу на пленарнай сесіі Краўчанка прадставіў прыярытэты Беларусі ў супрацоўніцтве з ЦЕІ і падыходы да яе ўмацавання. Кіраўнік беларускай дэлегацыі падкрэсліў нязменную запатрабаванасць ЦЕІ на сучасным этапе, неабходнасць нарошчвання прыкладной праектнай дзейнасці ў рамках Арганізацыі па сацыяльна і эканамічна значных напрамках і недапушчэння ўзнікнення размежавальных ліній у рэгіёне.

Беларуская дэлегацыя ўзяла ўдзел у зацвярджэнні абноўленых кіруючых прынцыпаў і правілаў працэдуры ЦЕІ, прамежкавай справаздачы аб выкананні плана дзеянняў ЦЕІ на 2018—2020 гады і цырымоніі перадачы старшынства ў ЦЕІ ад Харватыі да Італіі.

Краўчанка выступіў на рабочай сустрэчы кіраўнікоў дэлегацый з прэм'ер-міністрам Харватыі Андрэем Пленкавічам і правёў перамовы пра перспектывы беларуска-харвацкіх адносін з намеснікам міністра замежных і еўрапейскіх спраў Харватыі Віцэ Скрачычам.

Кіраўнік беларускай дэлегацыі абмеркаваў магчымасці супрацоўніцтва з ЦЕІ з новапрызначаным генеральным сакратаром арганізацыі Рабертам Антаніёні і правёў кароткую гутарку з еўракамісарам па еўрапейскай палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні ЕС Ёханесам Ханам пра найбліжэйшыя крокі ў адносінах з Еўрапейскім саюзам. Адбыліся таксама сустрэчы намесніка міністра замежных спраў Беларусі з кіраўнікамі дэлегацый шэрагу іншых краін ЦЕІ.

ЦЕІ — міждзяржаўнае аб'яднанне, створанае ў 1989 годзе з мэтай развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва. У яго склад уваходзяць 17 дзяржаў: Албанія, Беларусь, Балгарыя, Боснія і Герцагавіна, Венгрыя, Італія, Македонія, Малдова, Польшча, Румынія, Сербія, Славакія, Славенія, Украіна, Харватыя, Чарнагорыя і Чэхія. Беларусь з'яўляецца членам ЦЕІ з 1996 года.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН