Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/05/983867_12345/
Дата раздрукоўкі: 19.12.2018 15:40
05.12.2018 15:10 Эканоміка, Фінансы

Прэм`ер-міністр Румас не выключае з`яўлення ў Банка развіцця новых функцый

Мінск, 5 снежня. Прэм`ер-міністр Беларусі Сяргей Румас не выключае з`яўлення ў Банка развіцця новых функцый. Пра гэта ён заявіў 5 снежня падчас прадстаўлення праўленню банка новага старшыні Андрэя Жышкевіча, паведамляе прэс-служба ўрада.

Нагадаем, да прызначэння ў жніўні 2018 года прэм`ер-міністрам Румас узначальваў Банк развіцця.

"У папярэднія гады Банкам развіцця была паднятая высокая планка, як інструмент урада ён іграў важную ролю ў эканоміцы, крэдытаванні дзяржпраграм, падтрымцы экспарту, працы з малым і сярэднім бізнесам, — сказаў Румас. — Натуральна, гэтыя функцыі ў банка застаюцца, іх трэба будзе развіваць, і, можа быць, у новага старшыні праўлення будуць думкі па нейкіх новых напрамках".

Гэтыя прапановы будуць абмяркоўвацца і ўносіцца на разгляд наглядальнага савета, які ўзначальвае прэм`ер-міністр.

Румас адзначыў, што Жышкевіч даўно працуе ў банкаўскай сістэме. Да прызначэння на пасаду старшыні праўлення ён 13 гадоў кіраваў "МТБанкам", які быў партнёрам Банка развіцця як па праграме малога і сярэдняга бізнесу, так і па іншых напрамках дзейнасці. Таму Жышкевіч добра ведае працу Банка развіцця і задачы, якія стаяць перад ім, сказаў прэм`ер-міністр.

Старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур заўважыў, што Нацбанк як рэгулятар нясе адказнасць за працу не толькі банкаў, але і канкрэтных кіраўнікоў. Кіраўнік дзяржавы даручыў старшыні Нацбанка яшчэ раз паглядзець на пытанні развіцця банка, які ўзначаліў Жышкевіч. "Банк сваю нішу заняў, але ў прынцыпе мы бачым, што ёсць яшчэ напрамкі развіцця і выкарыстання банка ў інтарэсах дзяржавы. Думаю, што ў першую чаргу гэта напрамкі, звязаныя з падтрымкай нашага экспарту і, безумоўна, малога і сярэдняга прадпрымальніцтва", — сказаў Калаур.

Жышкевіч у сваю чаргу адзначыў, што рады стаць часткай каманды Банка развіцця. "Усе свае сілы аддам на рэалізацыю пастаўленых задач. Хачу, каб па-ранейшаму банк з`яўляўся для ўрада эфектыўным інструментам развіцця, для Нацбанка — узорам выканаўчасці і ў цэлым адсутнасці праблем", — сказаў Жышкевіч.

Ён дадаў, што разлічвае быць для калектыву годным пераемнікам папярэдняга кіраўніка.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН