Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/05/983934_123456/
Дата раздрукоўкі: 28.09.2020 08:18
05.12.2018 20:08 Палітыка, Грамадства

Генпракурор аб карупцыянерах: Некаторыя не толькі забыліся пра маральныя нормы, але і страцілі інстынкт самазахавання

Мінск, 5 снежня. Не ўсе кіраўнікі органаў і арганізацый правільна разумеюць патрабаванні прэзідэнта аб выкараненні карупцыі, здольнай падарваць аснову любой дзяржавы, заявіў генеральны пракурор Аляксандр Канюк 5 снежня на пазачарговым пасяджэнні Магілёўскага аблвыканкама па пытаннях барацьбы з карупцыяй у органах мясцовага кіравання.
Па словах генпракурора, гэта адносіцца і да тых, хто сам учыняе карупцыйныя правапарушэнні, і да тых, хто не прымае належных мер па іх папярэджанні.

Як паведамляе аддзел інфармацыі Генпракуратуры, кіраўнік нагляднага ведамства звярнуў увагу на тое, што да кіраўнікоў мясцовых органаў кіравання і іх намеснікаў прад'яўляюцца асаблівыя патрабаванні. "Вы заўсёды навідавоку ў людзей, любы ваш няправільны крок становіцца вядомы, выклікае грамадскае асуджэнне і падрывае аўтарытэт улады. Таму і попыт з вас асаблівы. Аднак часам узнікае такое пачуццё, што некаторыя не толькі забыліся пра маральныя нормы, але і страцілі інстынкт самазахавання", — сказаў генпракурор.

На яго думку, карупцыя ўсё больш актыўна пранікае ў сферу эканамічных адносін, у тым ліку пры арганізацыі і правядзенні закупак. Вынік — неэфэктыўнае і неашчаднае расходаванне бюджэтных грашовых сродкаў.

"Устаноўлены факты неабгрунтаванага абмежавання доступу да ўдзелу ў працэдурах закупак, маніпулявання конкурснымі дакументамі, неаб'ектыўнай ацэнкі прапаноў, якія паступілі. Пры гэтым значная частка такіх парушэнняў звязана з карупцыйнымі і іншымі правапарушэннямі", — канстатаваў Канюк.

Да негатыўных фактараў эканамічнага развіцця рэгіёну ўдзельнікі нарады аднеслі таксама пратэрмінаваную дэбіторскую запазычанасць у 563 прадпрыемстваў, якая з пачатку года павялічылася на 19%."Прычына такога становішча — жаданне разгрузіць склады любымі спосабамі. А ў выніку — страта прадукцыі на значную суму. Адгрузіўшы тавары без перадаплаты, кіраўнікі прадпрыемстваў фактычна далі неабгрунтаваныя прывілеі сваім замежным партнёрам. І не выключана, што ў будучыні ім давядзецца плаціць з уласнай кішэні" , — папярэдзіў генпракурор.

У пасяджэнні таксама ўдзельнічалі кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава, старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерый Вакульчык.

"Па выніках пасяджэння прыняты шэраг арганізацыйных рашэнняў, закліканых ліквідаваць прычыны карупцыі, пазбавіць яе фінансавай асновы", — гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239