Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/06/983949_983950/
Дата раздрукоўкі: 23.08.2019 12:10
06.12.2018 09:37 Палітыка

У Санкт-Пецярбургу Пашынян мае намер запатрабаваць тлумачэнняў ад Лукашэнкі, які абмяркоўваў з паслом Азербайджана сітуацыю ў АДКБ

Мінск, 6 снежня. Выканаўца абавязкаў прэм`ер-міністра Арменіі Нікол Пашынян падчас сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу 6 снежня мае намер запатрабаваць тлумачэнняў ад Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з тым, што ён абмяркоўваў з паслом Азербайджана сітуацыю ў АДКБ. Пра гэта кіраўнік Арменіі заявіў, адказваючы на пытанне журналістаў у Ерэване, паведамляе інфармагенцтва NEWS.am.

На пытанне аб тым, ці мае намер ён патрабаваць у Лукашэнкі тлумачэнняў або пачакае абмеркаванняў па пытанні кандыдата на пасаду генеральнага сакратара АДКБ, Пашынян адрэагаваў: "Ну вядома, трэба абмеркаваць, не адкладваць жа".

Вынікі саміту АДКБ, які прайшоў 8 лістапада ў Астане, Аляксандр Лукашэнка 12 лістапада абмеркаваў на сустрэчы з паслом Азербайджана Латыфам Гандзілавым. Ён, у прыватнасці, расказаў аб прызначэнні новага кіраўніка апарату АДКБ. Паводле слоў Лукашэнкі, "варыянтаў было шмат". "І гэта не значыць, што мы ўшчамілі Арменію, што нехта перамог, нехта прайграў. Пытанне ў тым, што Нікол Пашынян павінен проста ва ўрадзе разабрацца з сітуацыяй, таму што гэта краіна сёння ўзначальвае ЕАЭС, наш эканамічны саюз, і АДКБ — вельмі вялікая нагрузка на краіну, якая знаходзіцца ў такім пераходным перыядзе. І ці справіцца Арменія? Калі Нікол Пашынян разбярэцца і дасць нам адказ, гэта будзе ў Санкт-Пецярбургу", — сказаў Лукашэнка.

Каментуючы праз некалькі дзён гэту сітуацыю, Пашынян, заявіў: "Гэта прыкладна тое ж самае, як калі б, напрыклад, я запрасіў якога-небудзь замежнага пасла краіны, якая не з`яўляецца членам АДКБ, і расказаў яму пра пасяджэнне, якое прайшло ў фармаце зачыненых дзвярэй. Я здзіўлены тым, што чалавек, які займае статус кіраўніка дзяржавы на працягу 30 гадоў, мог дазволіць сабе такі крок. І я, вядома, павінен запатрабаваць тлумачэнняў ад прэзідэнта Беларусі, і не толькі ад прэзідэнта Беларусі".

У Арганізацыю Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. У Санкт-Пецярбургу, нагадаем, адбудзецца пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета і нефармальная сустрэча кіраўнікоў дзяржаў СНД, саміт АДКБ, на якім планавалася абмяркоўваць прызначэнне новага генеральнага сакратара арганізацыі, адменены па просьбе Арменіі.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН