Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/06/983952_983953/
Дата раздрукоўкі: 13.11.2019 17:59
06.12.2018 10:34 Грамадства

МУС: Скульптура мінскага гарадавога апынулася ў цэнтры нездаровай увагі

Мінск, 6 снежня. Прэс-служба МУС 6 снежня распаўсюдзіла афіцыйны каментар у сувязі з увагай грамадскасці да помніка мінскаму гарадавому.

Як заяўляюць у ведамстве, у апошні час скульптурная кампазіцыя "Мінскі гарадавы" апынулася "ў цэнтры нездаровай увагі". "Дзёрзкая аплявуха, флэшмоб і сумніўныя сэлфі, хуліганскія выхадкі — чаго толькі не выпала на долю бронзавай фігуры гарадавога. Дзе ж тая грань дазволенага, пераступаючы якую чалавек становіцца правапарушальнікам?" — гаворыцца ў каментары.

Адзначаецца, што скульптура была ўстаноўленая ў азнаменаванне 100-годдзя міліцыі Беларусі. У свой час гэта ініцыятыва МУС прайшла неабходныя ўзгадненні з Міністэрствам культуры і Мінгарвыканкамам. "Жанравая кампазіцыя служыць у тым ліку візуальным арыенцірам для размешчанага ў глыбіні двара музея міліцэйскага ведамства. Дарэчы, наведаць музей можа любы жадаючы. Знаёмства з гісторыяй міліцыі, у тым ліку ў суправаджэнні экскурсавода, абсалютна бясплатнае, патрабуецца толькі папярэдні запіс", — адзначаецца ў паведамленні. Паводле звестак МУС, у 2017 годзе каля скульптуры пабывалі звыш 14,5 тысячы чалавек, за 11 месяцаў гэтага — больш за 12,3 тысячы.

"Сам вобраз гарадавога з'яўляецца часткай паўсядзённай гарадской культуры, увасабляе сабой узор законнасці і прыклад для пераймання. У гэтым ніколькі не сумняваюцца многія госці і жыхары сталіцы, якія штодня робяць сэлфі з бронзавым вартаўніком парадку пачатку ХХ стагоддзя, — падкрэслівае прэс-служба. — Нездаровы ажыятаж, наўмысна падаграваны сёння асобнымі грамадзянамі вакол скульптурнай групы, не мае нічога агульнага з нармальным і зразумелым жаданнем мінакоў дакрануцца да славутасці, сфатаграфаваць яе ці сфатаграфавацца разам з ёй. Спецыяльна спланаваныя акцыі і флэшмобы, правакацыі, якія тычацца "Мінскага гарадавога", інакш як імкненне атрымаць танны піяр разглядацца не могуць".

Прэс-служба таксама зазначае: "Учынкі такога кшталту сведчаць у першую чаргу пра нявыхаванасць і невуцтва асоб, якія іх здзяйсняюць. У асобных жа выпадках яны могуць трактавацца як наўмыснае ігнараванне нормаў права. Але ж абавязкам кожнага, хто знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, з'яўляецца выкананне яе Канстытуцыі і законаў. Пры іх парушэнні вінаватая асоба прыцягваецца да адказнасці (крымінальнай, адміністрацыйнай, грамадзянска-прававой і іншай)".

Пазіцыя МУС застаецца нязменнай — "парушэнні грамадскага парадку будуць спыняцца ў рамках дзейнага заканадаўства", а "той, хто палічыць, што яго правы і законныя інтарэсы ўшчэмленыя дзеяннямі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, можа абскардзіць гэтыя дзеянні ў вышэйшым дзяржаўным органе цi вышэйшай службовай асобы, пракурора ці ў судзе".

"Відавочна, што ўвага грамадскасці да скульптурнай групы (зрэшты, як і любога іншага аб'екта гарадской інфраструктуры) можа толькі вітацца. У той час як дзеянні, накіраваныя на парушэнне грамадскага парадку, разглядаліся і будуць разглядацца праз прызму закона!" — гаворыцца ў паведамленні.

3 снежня суд Маскоўскага раёна Мінска аштрафаваў актывістаў анархісцкага руху Вячаслава Касінерава і аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Сяргея Спарыша на 30 базавых велічынь (735 рублёў) кожнага.

Іх абвінавацілі ў дробным хуліганстве на падставе арт. 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Касінераў і Спарыш былі затрыманыя 2 снежня пасля таго, як паставілі каля скульптуры мінскага гарадавога, якая знаходзіцца побач з будынкам МУС, памінальны вянок з надпісам: "Іміджу МУС ад грамадзян Беларусі". Разам з імі былі затрыманыя актывісты Марына Насенка і Сяргей Нейдах, а таксама актывістка і актывіст анархісцкага руху з Расіі. Ноч яны правялі ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

Касінераў ужо пераследаваўся за перформанс каля скульптуры гарадавога. 12 сакавіка ў знак пратэсту "супраць міліцэйскага гвалту" ён накінуў пятлю на нядаўна ўстаноўленую скульптуру царскага гарадавога і два разы паляпаў яе па "твары". Больш за месяц Касінераў знаходзіўся пад вартай, аднак за тыдзень да суда быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе. 27 красавіка яго аштрафавалі на пяць базавых велічынь (115 рублёў).

У лістападзе міліцыя апублікавала відэа з падлеткам, які ўдарыў далонню па "твары" скульптуру гарадавога. Падлетка затрымалі і склалі пратакол па арт. 17.1 КоАП. На відэа былі запісаныя яго прабачэнні МУС і скульптуры.

Аднак пазней адміністрацыйная справа ў дачыненні да 16-гадовага падлетка была спынена, бо камісія па справах непаўналетніх вырашыла, што ў яго дзеяннях няма складу правапарушэння.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН