Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/06/984042_12345/
Дата раздрукоўкі: 19.12.2018 14:44
06.12.2018 15:51 Палітыка, Эканоміка

Пуцін: Цана газу для Беларусі амаль удвая ніжэйшая, чым для Германіі

Мінск, 6 снежня. Цана газу для Беларусі, як аднаго з галоўных саюзнікаў Расіі, амаль удвая ніжэйшая, чым для Германіі, хоць і ў гэтым пытанні "трэба імкнуцца да ўніфікацыі", заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін 6 снежня ў Санкт-Пецярбургу на пасяджэнні Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета.
"Звяртаю ўвагу на тое, што сёння ў Беларусі цана — 129 долараў ЗША за 1 тыс. куб. м, у наступным годзе будзе 127, а ў ФРГ — 250 долараў. Гэта, безумоўна, вялікая перавага для нашых саюзнікаў па ЕАЭС, хоць, вядома, мы павінны імкнуцца да поўнай уніфікацыі. але для гэтага трэба час і іншы ўзровень інтэграцыі паміж нашымі краінамі, але гэта прадмет перамоў", — сказаў расійскага лідар. Сюжэт з выступамі кіраўнікоў дзяржаў размешчаны на відэасэрвісе Youtube.

"Вы маеце рацыю, Уладзімір Уладзіміравіч, але наш галоўны гандлёвы партнёр — не ФРГ, а Расійская Федэрацыя. І нам важна, каб былі роўныя ўмовы, перш за ўсё ў Беларусі і братняй Расіі", — адзначыў у адказ на выказванне Пуціна Аляксандр Лукашэнка.

На пасяджэнні Лукашэнка заявіў, што Беларусь выступае за забеспячэнне ўсёабдымнага і безумоўнага выканання ўсімі дзяржавамі ЕАЭС саюзных норм і ўзятых на сябе абавязацельстваў. Ён нагадаў, што бакі дамовіліся стварыць да 2025 года агульныя рынкі газу, нафты і нафтапрадуктаў. "Мы прынялі такое з вамі рашэнне. І мы абавязаны выканаць усе ў намечаныя тэрміны і забяспечыць працу саюза ва ўмовах стабільнай і справядлівай паліўна-сыравіннай палітыкі, — працягнуў Лукашэнка. — У саюзніцкіх адносінах няма інтарэсаў пастаўшчыкоў і спажыўцоў энергарэсурсаў. Ёсць цэласная сістэма — Еўразійскі эканамічны саюз. І пад гэтым мы канцэптуальна і канкрэтна падпісаліся".

Беларускі кіраўнік заявіў, што цалкам салідарны з прэзідэнтам Расіі, які адзначыў важнасць развіцця новых сфер супрацоўніцтва, у тым ліку атамнай энергетыкі і аднаўляных энергакрыніц. "Аднак адсутнасць згоды па прынцыпах фарміравання асноўнага нафтагазавага рынку не дазваляе ЕАЭС прагрэсаваць больш хуткімі тэмпамі. Рашэнне гэтага ключавога пытання дазволіць краінам прыступіць да засваення і іншых кірункаў", — сказаў ён.

Лукашэнка прывёў прыклад, што тарыф "Газпрома" на транспарціроўку прыроднага газу для Беларусі складае амаль 3 долары за 1 тыс. куб. м на 100 км, а ўнутраны тарыф у Расіі — парадку 1 долара за 1 тыс. куб. м, або ў тры разы ніжэй. Пры гэтым у структуры цаны газу для Беларусі плата за транспарціроўку па тэрыторыі Расіі — больш за 70%.

"З улікам гэтых абставінаў газ нашай краіне на мяжы са Смаленскай вобласцю абыходзіцца амаль у 130 долараў за 1 тыс. куб. м, а кошт для спажыўцоў той жа Смаленскай вобласці — 70 долараў. Простае пытанне: як канкураваць у гэтай сітуацыі?" — спытаў ён.

"Калі прэса пакіне залу, мы падыскутуем, — паабяцаў на гэта Уладзімір Пуцін. — Што тычыцца сённяшняй сітуацыі, то цяпер важны не тарыф, важная канчатковая цана газу". "Але ўжо сёння нашы партнёры маюць перавагі. Калі б была рынкавая цана для Беларусі — было б пад 200 долараў", — падкрэсліў прэзідэнт Расіі.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН