Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/06/984043_12345/
Дата раздрукоўкі: 19.12.2018 15:38
06.12.2018 16:39 Грамадства

Суд над анархістам Дзмітрыем Паліенкам перанесены

Мінск, 6 снежня. Працэс па справе былога палітвязня, актывіста анархісцкага руху Дзмітрыя Паліенкі, які павінен быў адбыцца 6 снежня ў судзе Заводскага раёна сталіцы, перанесены. Пра гэта актывіст паведаміў на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку".

Актывіст адзначыў, што суд быў перанесены раптоўна, без папярэдняга паведамлення.

На старонцы Паліенкі таксама змешчанае відэа сённяшніх падзей каля будынку суда, калі да прысутных праваабаронцаў і журналістаў падышлі супрацоўнікі міліцыі з патрабаваннем спыніць здымку. Затым перапісалі дадзеныя некаторых актывістаў. "Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі заявілі, што відэаздымка дыскрымінуе іх і міністра Шуневіча", — адзначаецца ў каментары да відэа.

Паліенка быў затрыманы міліцыяй 26 лістапада за тое, што перастаў хадзіць на прызначаныя пасля вызвалення лекцыі, у дачыненні да яго складзеныя два адміністрацыйныя пратаколы, як мяркуецца, паводле арт. 23.4 КоАП (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў). На 6 снежня быў прызначаны суд. Таксама 4 снежня актывіст выклаў у "Фэйсбуку" яшчэ адно абавязацельства аб яўцы ў суд на 19 снежня і пракаментаваў выклікі так: "Ну і вось, амігасы. Не мінуў і першы суд, як далі позву на іншы. Не буду паўтарацца з нагоды маёй пазіцыі да гэтых лекцый і чаму я на іх не хаджу і не збіраюся хадзіць надалей. Я не збіраюся падладжвацца пад тых, хто кінуў мяне за краты, не збіраюся вісець у іх на вудзе".

Паліенка быў вызвалены 24 кастрычніка з бабруйскай папраўчай калоніі № 2. Крымінальная справа ў дачыненні да яго была распачатая пасля велапрабегу "Крытычная маса" ў красавіку 2016 года ў Мінску. У той дзень больш за 30 чалавек сабраліся каля опернага тэатра, каб праехаць па горадзе на роварах і заявіць аб правах веласіпедыстаў на дарозе. Міліцыя сцвярджала, што група веласіпедыстаў груба парушыла правілы дарожнага руху, выехала на праезную частку і не рэагавала на патрабаванні ДАІ.

Паліенка быў адзіным удзельнікам акцыі, які зазнаў крымінальны пераслед. 12 кастрычніка 2016 года суд прызнаў яго вінаватым у "насіллі або пагрозе насілля ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў" — маладога чалавека абвінавацілі ў тым, што ён парваў куртку міліцыянеру.

Незадоўга да суда Паліенку выставілі дадатковае абвінавачанне ў "вырабе і распаўсюджванні парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару" на падставе ч. 2 арт. 343 КК. У выніку актывіста прызналі вінаватым па абодвух артыкулах і прыгаварылі да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады. Пасля гэтага ён некалькі разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці і 7 красавіка 2017 года быў пазбаўлены адтэрміноўкі выканання прысуду.

Пасля пераводу Паліенкі ў калонію ў красавіку 2017 года праваабаронцам стала вядома пра жорсткае абыходжанне з ім адміністрацыі калоніі.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН