Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/06/984051_12345/
Дата раздрукоўкі: 19.12.2018 15:15
06.12.2018 16:22 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Калі ў ЕАЭС няма роўных умоў, то няма і саюза

Мінск, 6 снежня. Пытанне ліквідацыі бар`ераў і выключэнняў на рынку ЕАЭС вырашаецца недазваляльна павольна, заявіў Аляксандр Лукашэнка 6 снежня ў Санкт-Пецярбургу на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Сюжэт з выступамі кіраўнікоў дзяржаў размешчаны на відэасэрвісе Youtube.

"Са шкадаваннем можна адзначыць, што існуе шэраг важных пытанняў, якія застаюцца нявырашанымі. Я вымушаны пра гэта казаць, але кажу не з пункту гледжання стогну і рыданняў, а таму што дамовіліся, але не зрабілі. І з пункту гледжання таго, што наш саюз утварыўся на пэўных свабодах — перамяшчэння рабочай сілы, капіталу, тавараў і гэтак далей. І самае галоўнае, пра што мы дамаўляліся па адзінай эканоміцы, — што ўсе суб`екты гаспадарання і нашы людзі будуць мець роўныя ўмовы. Калі такіх роўных умоў няма, то няма і саюза", — заявіў Лукашэнка.

Ён нагадаў, што ў пачатку 2018 года Расія ў якасці старшыні ў органах ЕАЭС працягнула працу па ліквідацыі бар`ераў, выключэнняў і абмежаванняў, якія перашкаджаюць фарміраванню агульнага рынку саюза. "Гэта сапраўды адна з самых вострых праблем нашага саюза, якая яшчэ некалькі гадоў таму была пазначаная беларускім бокам. Але гэта пытанне вырашаецца недазваляльна павольна. Больш за тое, на змену ліквідаваным бар`ерам усталёўваюцца новыя. Лічу гэта зусім недапушчальнай практыкай, якая парушае дасягнутыя дамоўленасці. Важна не толькі ўстараняць перашкоды, але паралельна ствараць умовы, якія выключаюць магчымасць іх паўторнага ўзнікнення", — заявіў Лукашэнка.

У сувязі з гэтым ён прапанаваў даць ЕЭК паўнамоцтвы прымаць рашэнні ў выпадку паўторнага ўвядзення краінай ЕАЭС якіх-небудзь абмежаванняў або працягу ўжо дзейных абмежаванняў. "Трэба выключыць пратэкцыянізм пры прыняцці рашэнняў", — удакладніў ён.

"Усе, хто сядзіць за гэтым сталом, на сусветны пратэкцыянізм ў гандлі адрэагавалі, абазваўшы яго груба — эканамічныя вайны. Дык навошта ў сябе ствараем іх?" — задаўся пытаннем Лукашэнка.

"Варта таксама павысіць адказнасць прадстаўнікоў выканаўчай улады нашых краін за прыняцце рашэнняў, якія ідуць насуперак з прынцыпамі, замацаванымі ў нашым дагаворы аб саюзе", — дапоўніў ён.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН