Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/07/984168_700258/
Дата раздрукоўкі: 09.12.2019 04:31
07.12.2018 12:57 Палітыка

Пяскоў: Тема прызначэння новага генеральнага сакратара АДКБ закраналася ў Санкт-Пецярбургу, але пытанне не вырашылася

Мінск, 7 снежня. Лідары краін Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) пакуль не вырашылі пытанне аб прызначэнні новага генеральнага сакратара арганізацыі, заявіў журналістам прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, каментуючы заяву Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што гэтую пасаду зойме прадстаўнік Беларусі.

"Не, пытанне не вырашылася", — цытуе прадстаўніка Крамля ТАСС.

Пяскоў дадаў, што гэтую тэму лідары краін — удзельніц арганізацыі закраналі ў Санкт-Пецярбургу, дзе ў чацвер прайшлі саміты ЕАЭС і СНД.

Раней заяву Лукашэнкі аб тым, што праблема з прызначэннем новага генеральнага сакратара АДКБ вырашаная, абверг Арман Егаян, прэс-сакратар выканаўцы абавязкаў прэм'ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна. "Як вядома, пасяджэння АДКБ не было. Пазіцыя Арменіі ў гэтым пытанні не зведала ніякіх змен", — цытуе Егаяна агенцтва Новости-Армения.

Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў журналістам пасля завяршэння Вышэйшага еўразійскага савета 6 снежня ў Санкт-Пецярбургу, што праблема з прызначэннем новага генеральнага сакратара АДКБ вырашаная — ім будзе прадстаўнік Беларусі. "Нечакана ледзь не правялі сёння пасяджэнне АДКБ. І ў прынцыпе вырашылі праблему з прызначэннем генеральнага сакратара. Беларускі прадстаўнік будзе (генеральным сакратаром АДКБ. — БелаПАН.). Як калісьці Нурсултан Абішавіч (прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў) і казаў", — паведаміў Лукашэнка.

Запланаваны ў Санкт-Пецярбургу 6 снежня саміт АДКБ быў адменены на просьбу Арменіі. На сустрэчы меркавалася прызначыць новага генеральнага сакратара АДКБ. У лістападзе прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў выказаў думку, што наступным кіраўніком АДКБ павінен стаць прадстаўнік Беларусі. Ён нагадаў, што ранейшы кіраўнік арганізацыі Юры Хачатураў, які прадстаўляў армянскі бок, быў адкліканы, а паводле статута АДКБ "наступнай пасля Арменіі ідзе Беларусь".

3 снежня выканаўца абавязкаў прэм'ер-міністра Арменіі Нікол Пашынян паведаміў, што пытанне аб прызначэнні новага генеральнага сакратара АДКБ не будзе абмяркоўвацца на саміце. "У нас такая сітуацыя, што няма кансэнсусу ў гэтым пытанні", — сказаў ён.

У Арганізацыю Дагавора аб калектыўнай бяспецы уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН