Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/07/984259_984260/
Дата раздрукоўкі: 26.11.2020 01:33
07.12.2018 21:34 Палітыка, Эканоміка

Петрышэнка: Беларусі патрэбныя не нізкія цэны на расійскі газ, а роўныя ўмовы

Мінск, 7 снежня. Беларусі патрэбныя не нізкія цэны на расійскі газ, а роўныя ўмовы для суб`ектаў гаспадарання, заявіў 7 снежня журналістам у Маскве беларускі віцэ-прэм`ер Ігар Петрышэнка, які падвёў вынікі пасяджэння Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета, што прайшло напярэдадні ў Санкт-Пецярбургу.
Петрышэнка адзначыў, што фарміраванне агульнага рынку газу, нафты і нафтапрадуктаў — тэма актуальная. У прыватнасці, падыходы да цэнаўтварэння на рынку газу. Без гэтых ключавых аспектаў немагчыма поўнамаштабнае і паўнавартаснае функцыянаванне ЕАЭС.

"Мы зыходзім з таго, што нам не патрэбны нізкія цэны. Мы заўсёды паслядоўна выступалі за стварэнне роўных умоў суб`ектам гаспадарання. Гэта значыць, мы павінны знаходзіцца ў адзіным канкурэнтным асяроддзі — няхай гэта будзе суб`ект гаспадарання Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Беларусь, Казахстана, Арменіі або Кыргызстана", — сказаў Петрышэнка ў эфіры навін тэлеканала "Беларусь 1".

Як адзначыў віцэ-прэм`ер, у рамках адзінага газавага рынку неабходна прыбраць паняцці "экспарцёр" і "імпарцёр" з пункту гледжання прымяняльнасці гэтых тэрмінаў для ўсіх суб`ектаў, якія функцыянуюць у Еўразійскім эканамічным саюзе.

"Мы, дарэчы, выступалі, каб сфарміраваць гэтыя рынкі як мага хутчэй. І мы ад гэтай сваёй ідэі, гэта неаднаразова падкрэсліваў наш прэзідэнт, не адступілі", — сказаў Петрышэнка, які нядаўна ўзначаліў створаную распараджэннем прэм`ер-міністра рабочую групу па актуальных пытаннях беларуска-расійскага супрацоўніцтва.

На пасяджэнні Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета Аляксандр Лукашэнка засяродзiў увагу на розніцы ў тарыфах "Газпрома" на транспарціроўку прыроднага газу для Беларусі і рэгіёнаў РФ і, як следства, няроўнай канкурэнцыі. У адказ Пуцін заявіў: "Цяпер важны не тарыф, важная канчатковая цана газу. Звяртаю ўвагу на тое, што сёння ў Беларусі цана — 129 долараў ЗША за 1 тыс. куб. м, у наступным годзе будзе 127, а ў ФРГ — 250 долараў". Але наш галоўны гандлёвы партнёр — не ФРГ, а Расія", — падкрэсліў Лукашэнка. "Але ўжо сёння нашы партнёры маюць перавагі: калі б была рынкавая цана для Беларусі — было б пад 200", — парыраваў Пуцін.

Дыскусія працягнулася за зачыненымі дзвярыма, і па яе выніках беларускі кіраўнік расказаў, што пасля спрэчкі аб цане на газ для Мінска папрасіў прабачэння ў Пуціна. "Атрымалася [абмеркаваць] у такой нядобрай форме, што потым давялося прасіць прабачэння ў гаспадара сённяшняй сустрэчы. Вельмі бурнае было тлумачэнне. Вам лепш не чуць гэтага", — сказаў Лукашэнка.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў, адказваючы 7 снежня на пытанне, чым завяршылася ўчарашняя дыскусія двух прэзідэнтаў, адзначыў: "Прэзідэнты Расіі і Беларусі дамовіліся правесці яшчэ адну сустрэчу да новага года, галоўным чынам, для фіналізацыі абмеркавання тых пытанняў у двухбаковых адносінах, якія адносіліся да катэгорыі спрэчных і ў вырашэнні якіх удалося сур`ёзна прасунуцца на нядаўняй сустрэчы ў Сочы (сустрэча ў Сочы адбылася 20 верасня. Па яе выніках было заяўлена, што кіраўнікі дзяржаў узгаднілі пазіцыі па пошлінах на сырую нафту і разліках за газ. БелаПАН.)".
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239