Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/08/984293_984294/
Дата раздрукоўкі: 11.11.2019 23:05
08.12.2018 16:06 Эканоміка, Фінансы

Пасол у Расіі Сямашка адзначае недастатковасць мер, што прымаюцца для вяртання даўгоў ад экспартных паставак

Мінск, 8 снежня. Пытанне ўтварэння і назапашвання даўгоў ад беларускіх экспартных паставак знаходзіцца найперш у кампетэнцыі кіраўнікоў тавараправодных сетак і залежыць ад іх добрасумленнасці, заявіў пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка 8 снежня ў Маскве на нарадзе з кіраўнікамі суб'ектаў тавараправоднай сеткі (ТПС) беларускіх прадпрыемстваў, паведамляе прэс-служба пасольства.

Ён таксама адзначыў недастатковасць прыманых імі для вяртання даўгоў мер, якія часта абмяжоўваюцца накіраваннем звароту аб садзейнічанні ў пасольства як у асноўную "выратавальную" інстанцыю. Пры гэтым дыпмісія знаходзіць належнае разуменне і рэагаванне з боку Генпракуратуры Расіі, але яна не выконвае функцыі арбітражнага суда ў працэсе банкруцтва або пошуку даўжніка.

Пасол звярнуў увагу на неабходнасць папераджальнай працы на стадыі заключэння дагавораў, маніторынгу выканання ўсіх этапаў дамоўных абавязацельстваў, своечасовага звароту ў судовыя інстанцыі, настойлівага суправаджэння ходу выканаўчай вытворчасці. "Гэта тыя мінімальныя дзеянні, якія неабходныя, каб пазбегнуць безнадзейных даўгоў", — падкрэсліў Сямашка. Ён таксама нагадаў пра вялікае адмоўнае сальда ў гандлі з Расіяй — больш за 7 млрд долараў, — мінімізаваць якое ёсць прамое даручэнне кіраўніка дзяржавы.

Як звярнуў увагу віцэ-прэм'ер Ігар Ляшэнка, на долю Расіі прыпадае палова ўсяго беларускага тавараабароту, тут жа размешчана больш за палову (131 з 252) суб'ектаў ТПС з доляй беларускага капіталу. Сярод асноўных прычын узнікнення праблем, звязаных з невыкананнем партнёрамі кантрактных абавязацельстваў, ён назваў у тым ліку ўнутраныя недапрацоўкі: "Многія беларускія экспарцёры не правяраюць належным чынам новых контрагентаў, адсутнічае належны маніторынг фінансавага становішча партнёра на стадыі выканання кантрактаў".

Пры гэтым віцэ-прэм'ер адзначыў, што "ёсць і станоўчыя моманты". Так, на 1 кастрычніка 2018 года пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць у гандлі з Расіяй знізілася ў параўнанні з пачаткам года амаль на 7%, а ў параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года — на 10,5%.

Мерапрыемства праходзіла пад старшынствам генеральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка з удзелам Ігара Ляшэнкі, Уладзіміра Сямашкі, міністра прамысловасці Паўла Уцюпіна, прадстаўнікоў Міністэрства замежных спраў, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. На сустрэчу былі запрошаны кіраўнікі размешчаных на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі суб'ектаў ТПС (з беларускім капіталам) беларускіх арганізацый-экспарцёраў (гандлёвыя дамы, афіцыйныя дыстрыб'ютары, прадстаўніцтвы, буйныя дылеры).
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН