Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/10/984209_12345/
Дата раздрукоўкі: 17.01.2021 09:42
10.12.2018 07:01 Палітыка, Грамадства

Праваабаронцы: Сістэмных зменаў у галіне правоў чалавека ў Беларусі не адбылося

Мінск, 10 снежня. Сусветная супольнасць адзначае сёння 70-годдзе Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Гэты дакумент быў прыняты Генеральнай асамблеяй ААН і стаў нормай, да дасягнення якой павінны імкнуцца народы ўсіх краін.
Дэкларацыя абвяшчае правы асобы, грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды — роўнасць усіх перад законам, права кожнага на свабоду і асабістую недатыкальнасць, свабоду сумлення і іншыя. Усе людзі, згодна з дэкларацыяй, маюць роўныя правы незалежна ад іх асобасных адрозненняў і розніцы ў палітычных сістэмах іх краін.

Каментуючы БелаПАН сітуацыю ў Беларусі, намеснік старшыні закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч адзначыў: улады імкнуцца балансаваць паміж сваімі інтарэсамі і неабходнасцю выконваць правы чалавека.

"Вытрымаць такі баланс — складаная задача, — лічыць праваабаронца. — Але гэта паказвае і тое, што ўлады сёння не пераходзяць "чырвоную лінію" ў пытанні выканання правоў чалавека. Калі браць самыя жорсткія формы рэпрэсій, крымінальны пераслед па палітычных матывах, то сёлета, паводле нашай інфармацыі, яны ўжываліся ў дачыненні да 18 чалавек (лідары незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік, заснавальнік інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай, якія абвінавачваліся ў нявыплаце падаткаў, а таксама 15 фігурантаў рэзананснай "справы БелТА")".

"Многа гэта ці мала? — задаецца пытаннем Стэфановіч. — Калі параўноўваць з 2017 годам — то тады такіх людзей было 40, гэта былі ўдзельнікі антыдармаедаўскага дэкрэта, фігуранты справы "Белага легіёна" і іншыя".

Паводле звестак праваабаронцаў, "палітычных" справаў у 2018 годзе стала менш. "Але не было і значных падзей — такіх як выбары, якія ўлады расцэньваюць патэнцыйна небяспечнымі для сітуацыі ў краіне і ў сувязі з гэтым могуць рэагаваць, як пры разгоне вясновых пратэстаў "дармаедаў", — дадаў Стэфановіч. "З іншага боку, — адзначае ён, — крымінальныя справы распачыналіся. Гэта сведчыць, што задача кантраляваць грамадства ва ўладаў засталася. Паводле нашай статыстыкі, сёлета за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах 14 чалавек было затрымана ў цэлым на 208 сутак, аштрафавана было 153 чалавекі", — распавёў праваабаронца.

"Самае галоўнае — сістэмных зменаў не адбылося. Практыку прымянення рэпрэсій улады могуць карэктаваць у залежнасці ад унутраных ці знешніх фактараў. Калі будуць выбары, гарантый таго, што яны пройдуць без рэпрэсій, ніхто не дае", — заявіў Стэфановіч.

Старшыня РГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт" (БХК) Алег Гулак не бачыць істотных зменаў у сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі за апошні год.

"Улады сталі ўстрымлівацца ад занадта грубых парушэнняў правоў чалавека. Сітуацыя зараз лепшая, чым пяць-сем гадоў таму, калі ўвесь час былі людзі, якіх усе лічылі палітвязнямі, і пасадка якіх была вынікам прамога дзеяння ў дачыненні да іншадумцаў", — адзначыў ён.

На думку Гулака, гэта вынік таго, што змянілася геапалітычная карціна — улады Беларусі пайшлі на паляпшэнне адносін з ЕС і ЗША. "У гэтую канцэпцыю было б немагчыма ўпісаць палітыку з наяўнасцю палітвязняў, рэпрэсіяў і грубых разгонаў акцый", — сказаў праваабаронца.

Аднак характар узаемаадносін улады з грамадствам, "па вялікім рахунку, не змяніўся", падкрэсліў праваабаронца. "Гэта мы бачым па "справе БелТА", працягу логікі барацьбы з "дармаедамі". У дзяржаве працягвае дамінаваць логіка: не бачыць асобу, яе індывідуальнасць і права", — заявіў у каментары Алег Гулак.

Да гадавіны прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека прымеркаваная цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнай прэміі беларускіх праваабаронцаў, якая адбудзецца сёння ў Мінску. Прэмія ўручаецца ў трох намінацыях: "Праваабаронца года", "Журналіст года" і "Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года".

13—16 снежня ў Мінску пройдзе фестываль дакументальнага кіно праваабарончай тэматыкі WATCH DOCS Belarus. У праграме фестывалю — 15 карцін, паказы будуць арганізаваныя ў кінатэатры "Мір", а таксама на пляцоўках ОК16 і PR3.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239