Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2018/12/10/984357_12345/
Дата раздрукоўкі: 17.01.2021 08:31
10.12.2018 10:45 Палітыка, Эканоміка

Прадстаўнік Беларусі Купчына абраная старшынёй Камісіі па папярэджанні злачыннасці і крымінальным правасуддзі ЭКАСАС

Мінск, 10 снежня. Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене Алена Купчына абраная старшынёй Камісіі па папярэджанні злачыннасці і крымінальным правасуддзі Эканамічнага і сацыяльнага савета ААН (ЭКАСАС). Такое рашэнне было прынятае падчас сесіі камісіі, якая праходзіла 6—7 снежня.

Купчына, якая стала першым прадстаўніком Беларусі на гэтай пасадзе, будзе кіраваць камісіяй да сярэдзіны снежня 2019 года, паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.

ЭКАСАС займае цэнтральнае месца ў дзейнасці сістэмы ААН па прасоўванні ўсіх трох аспектаў устойлівага развіцця — эканамічнага, сацыяльнага і экалагічнага. У склад ЭКАСАС уваходзяць восем функцыянальных камісій, дзве з якіх — Камісія па папярэджанні злачыннасці і крымінальным правасуддзі (КПЗКП) і Камісія па наркатычных сродках — працуюць на базе аддзялення ААН у Вене.

КПЗКП з'яўляецца цэнтральным органам сістэмы ААН, які адказвае за фармуляванне міжнародных падыходаў у галіне папярэджання злачыннасці і ажыццяўлення крымінальнага правасуддзя, у тым ліку ў такіх сферах, як барацьба з гандлем людзьмі, транснацыянальнай арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Камісія вядзе маніторынг прымянення адпаведных стандартаў і нормаў ААН, распрацоўвае рэкамендацыі па супрацьдзеянні новым формам злачыннасці.

У склад КПЗКП уваходзіць 40 краін, якія прадстаўляюць усе рэгіёны свету. Беларусь з'яўляецца членам камісіі з 2010 года, а ў красавіку 2018 года была выбраная ў склад камісіі на наступны трохгадовы перыяд.

У 2019 годзе дзейнасць КПЗКП будзе сканцэнтраваная на пытаннях ацэнкі ўнёску папярэджання злачыннасці і эфектыўнай барацьбы з ёй у дасягненне мэтаў устойлівага развіцця, абмеркавання падыходаў да папярэджання злачынстваў, якія ўчыняюцца на глебе нецярпімасці і дыскрымінацыі, падрыхтоўкі 14-га Кангрэса ААН па папярэджанні злачыннасці і крымінальным правасуддзі, які адбудзецца ў 2020 годзе ў Японіі.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239